Ён забіў выпадковага знаёмага кулакамі і лакцямі, хаця некалькі хвілін таму выпіваў з тым на талачынскім вакзале. Потым кінуў цела на рэйкі. Аналізуючы абставіны і падзеі гэтай крымінальнай справы адразу не паверыш, што здзейсніў забойства маладзён, якому ўсяго 17 гадоў. Для яго і для забітага 44-гадовага жыхара Магілёўскай вобласці тое знаёмства стала фатальным. Адзін адпраўляецца ў турму, а другі адправіўся да продкаў.
Трэба адзначыць незвычайную спакойнасць маладзёна - пасля забойства ён забраў каля 30 рублёў у сваёй ахвяры, цыгарэты і дзве запальніцы. Спачатку паклаў труп каля дрэва на станцыі і сышоў, але затым зразумеў, што забіў чалавека, пераабуў берцы, якія былі заплямленыя крывёй і вярнуўся на месца. Далей злачынца заняўся рэжысіраваннем - цела кінуў на рэйкі дзеля інсцэніроўкі няшчаснага выпадку, а сам пайшоў у касу спытаць, ці не бачыў хто яго знаёмага. Атрымаўшы адмоўны адказ, "адправіўся на пошукі". Цела на той момант было ўжо расціснута цягніком, а прадпрымальны ліцэіст выклікаў праз касіра хуткую дапамогу.
Аднак схаваць злачынства не ўдалося - міліцыя, праглядаючы камеры відэаназірання на вакзале Талачына... убачыла забойства і далейшыя дзеянні забойцы. Пры гэтым ліцэіст за месяц да рабаўніцтва і забойства быў асуджаны па іншым артыкуле. Цяпер яго чакаюць 14 гадоў пазбаўлення волі.