Сенненская выбарчая акруга №30 аб'ядноўвае суседнія з Аршанскім раёны: Сенненскі, Дубровенскі і Талачынскі. Па гэтай акрузе былі вылучана чатыры кандыдаты: ад Партыі БНФ ураджэнец Дубровеншчыны Аляксей Гаўруцікаў, ад ЛДПБ аршанка Алена Дзям'яненка, ад улады старшыня Дубровенскага выканкаму Анатоль Лукашоў і адзіны мясцовы жыхар ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Турок.
Як і па аршанскіх акругах камісія пакінула толькі аднаго дэмакрата - Аляксея Гаўруцікава. Адмову атрымаў Аляксандар Турок. Прычым адмова была аргументаваная тым, што кандыдат няправільна аформіў дакуманты. У дакумантах Аляксандар напісаў сваю пасаду як глава фермерскай гаспадаркі, па меркаванні сябраў выбарчай камісіі ён мусіў напісаць "заснавальнік і глава". Прычым, на паседжанні камісіі адзіным чалавекам які заступіўся за Аляксандра Пятровіча стаў яго супернік па выбарах вылучэнец Партыі БНФ Аляксей Гаўруцікаў. Ён указаў камісіі на тое, што адмова па такой прычыне выглядае вельмі недарэчна і папрасіў усё ж зарэгістраваць свайго суперніка, камісія да словаў кандыдата, канешне, не прыслухалася.
Аляксандар Турок цяпер спрабуе абскардзіць адмову ў рэгістрацыі ў абласной камісіі.