Калі пачалася вайна на ўсходзе Украіны, прарасейскія тэрарысты і іх інструктары з рэгулярных войскаў самой Расеі, зацікаўленыя ў як мага большым распальванні канфлікту, пачалі вербаваць для змагання за марыянеткавыя рэспублікі "ДНР" і "ЛНР" людзей з розных краін. Быў створаны адмысловы сайт, на якім людзі запаўнялі анкету. Там былі пазначаныя краіна, горад, імя і прозвішча, кантактныя дадзеныя. Таксама жадаючыя адправіцца на вайну пісалі і "матывацыю", чаму зацікавіліся вайной на Данбасе. У многіх матывацыя апісана даволі банальна: "хочу воевать с фашизмом", відавочна, што такое жаданне з'явілася ў людзях пасля шматмесячнага прагляду расейскай прапаганды па тэлеканалах НТВ, "Россия" і іншых, на якіх у грамадска-палітычных праграмах ваенны канфлікт актыўна падаграваўся, а вядоўцы безапеляцыйна, хаця і безпадстаўна, сцвярджалі пра панаванне ва Украіне "фашысцкай хунты". Прыкмета многіх матывацыйных допісаў у анкетах - граматычныя памылкі, адсутнасць знакаў прыпынку, няўзгодненыя часткі сказу і каструбаватыя формы, накшталт "хочу попасть в донбас" (арфаграфія і велічыня літар захавана).
Аднак у шэрагі вярбоўшчыкаў забраліся людзі, якія здабылі ўвесь спіс, ён налічвае каля 4000 прозвішчаў. Яны адаслалі спіс на сайт "Миротворец", які інфармуе пра вайну на Данбасе і паведамляе пра людзей, якія вядуць барацьбу на баку тэрарыстычных непрызнаных рэспублік "ДНР" і "ЛНР". Большасць у спісе - грамадзяне Расеі, аднак знайшліся і добраахвотнікі з Беларусі і з самой Украіны. Ёсць у спісе нават чалавек з Іспаніі. Як высветліла "Наша Ніва", большасць з двух дзясяткаў беларусаў адмаўляе сваё рэальнае жаданне дапамагаць тэрарыстам, кажа, што гэта быў жарт. Адзін з апытаных шчыра прызнаўся, што запоўніў анкету "па п'яні".
У спісе, выкладзеным у фармате Excel у адкрыты доступ на сайце "Миротворец" пад № 1454 знайшоўся і жыхар Оршы Ігар Станіслававіч Асіпоўскі. У сваіх кантактных дадзеных, 41-гадовы на той момант аршанец, паведамляе, дзе служыў і што хацеў бы дапамагаць тэрарыстам у жывой сіле, умее страляць. Таксама нібыта з гумарам дадае, што нажом умее карыстацца і ім "не консервы открывать". За сваё геройства Ігар Асіпоўскі выдае факт з біяграфіі, згодна з якім адмовіўся прымаць прысягу Рэспубліцы Беларусь пасля развалу СССР. Тым не менш, у Расею, якая лічыць сябе спадчынніцай СССР, Асіпоўскі не пераехаў, а застаўся жыць у Беларусі, вайсковую прысягу якой не даў. Прысутнічае запаўняльнік анкеты для "ДНР" і ў сацыяльных сетках, пад сваімі сапраўднымі імём і прозвішчам. Адтуль узятыя і гэтыя здымкі.
Многія з беларусаў, прысутных у спісе, баяцца, што за імі ўжо ўсталявана назіранне з боку беларускіх спецслужбаў.
З самага пачатку вайны на баку прарасейскіх тэрарыстаў "ДНР/ЛНР" ваюе аршанец Андрэй Шынкевіч. Ён жывы, у сваім "кантакце" ён і дагэтуль дзеліцца фотаздымкамі з вайны.