Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі , Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел наведаў Оршу і Талачын. 23-га жніўня ён агледзеў Аршанскую духоўную вучэльню, руіны Базылянскага манастыра, цэрквы Оршы, у тым ліку храм Раства Хрыстова побач з чыгуначным вакзалам і храм святой пакутніцы Раісы ў Андрэеўшчыне. Заехаў і ў храм святога Андрэя Першазваннага ў Копысі. У вёсцы Хімы, як паведамляе krynica.info, мітрапаліт блаславіў будаўніцтва новага храма. Суправаджалі Паўла пры гэтым архібіскуп Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый, сакратар Віцебскага епархіяльнага ўпраўлення протаерэй Уладзімір Рэзановіч і духавенства Оршы і раёну.
Таксама мітрапаліт Павел наведаў Аршанскі райвыканкам, у якім сустрэўся з галавой адміністрацыі Мікалаем Лісоўскім, старшынёй Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па бюджэце і фінансах Людмілай Дабрынінай і начальнікам аддзелу па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Міхаілам Даніленкам.
Нагадаем, што пасля 7-гадовага актыўнага ліставання аршанскай інтэлігенцыі з кіраўніцтвам РПЦ, нарэшце, пачаліся работы па кансервацыі будынка Базылянскага манастыра. Будынак накрываюць металапрофілем.