На Аршанскім Замчышчы, тэрыторыя якога з'яўляецца асабліва ахоўнай гістарычнай зонай, пачаліся будаўнічыя працы. Як нам стала вядома, МНС вядзе рэканструкцыю пажарнай часткі.
Будынак пажарнай часткі з'яўляецца даваенным, яго добра відаць на здымках Оршы, зробленых у перыяд нямецкай акупацыі. Цалкам магчыма, што гэты будынак ужо не задавальняе сучасным патрабаванням. Аднак размешчаны ён ў самым гістарычным цэнтры Воршы, у 100 метрах ад гарадзішча. Пад будынкам пажарнай часткі знаходзяцца падмуркі вежаў і сцен легендарнага Аршанскага замка.
Па гэтай прычыне выклікае здзіўленне, што працы па рэканструкцыі вядуцца пры поўнай адсутнасці ўзгаднення з Інстытутам гісторыі Акадэміі навук Беларусі, як таго патрабуе дзеючае заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Больш за тое, праект рэканструкцыі ў самым гістарычным цэнтры ня выставілі на грамадскія слуханні. Наш сайт будзе адсочваць развіццё гэтай сітуацыі.