У 2016 годзе Рагачоў прыняў Дзень беларускага пісьменства. Гэта і нядзіўна – з горадам звязаныя імёны Міхася Лынькова і Уладзіміра Караткевіча. Аршанец Караткевіч шмат часу праводзіў у хаце па вуліцы Чкалава ў Рагачове, якую збудаваў яшчэ ягоны дзед і дзе нарадзілася маці вялікага ў будучыні пісьменніка. У Рагачове Караткевіч пачаў пісаць паэму “Зямля дзядоў”, напісаў “Сівую легенду” і “Ладдзю роспачы”. Тут жа скончыў “Чазенію” і “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.
Таму цалкам лагічным выглядае той факт, што ўлады Рагачова назвалі Цэнтральную раённую бібліятэку імем Уладзіміра Караткевіча. Адпаведная шыльда з’явілася на Доме друку ў Рагачове, дзе і знаходзіцца бібліятэка. Фота з сайту rogax.livejournal.com.
У Оршы ёсць музей Уладзіміра Караткевіча, у ягоны гонар названа і вуліца.