Айцы-марыяне правядуць у Оршы духоўныя практыкаванні, так званы курс “Галілея”. На сайце catholicnews.by змешчаны кантакты для запісу і праграма курсу. Яна пачнецца а 18-й гадзіне 21-га кастрычніка, а скончыцца 23-га кастрычніка ў абед. Запісацца на курс можна да 19 кастрычніка, абавязковы ўдзел ва ўсіх частках курсу. Апісанне курсу наступнае:
Што такое Курс «Галілея»? Чым вядомая Галілея? Гэта не проста рэгіён у Ізраілі і не проста возера, дзе адбыўся цуд лоўлі рыбы. Галілея – гэта месца, дзе адбылася першая сустрэча будучых Апосталаў з Езусам. Напэўна ж, яны ведалі хто такі Бог, былі веруючымі, пакланяліся Богу, хадзілі пілігрымамі ў Ерусалім і вялі праведны вобраз жыцця. Аднак у выніку іхняй сустрэчы з Езусам у Галілеі ў іх жыцці змянілася штосьці вельмі важнае: яны пакінулі свае сеткі і пайшлі за Ім.
Курс «Галілея» – гэта духоўныя практыкаванні не для тых, хто хоча пайсці ў кляштар ці семінарыю, але для тых, хто хоча сустрэцца з Жывым Езусам. Курс праводзіцца не для паглыблення ведаў, а для ажыўлення веры праз навучанне, малітву, сведчанні, пакаянне.