Горад Дуброўна займеў новага мэра — прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў старшынёй Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта Алега Міхайлавіча Лындзіна. Ён быў прадстаўлены на пазачарговай, 32-й сесіі раённага савета дэпутатаў 27-га склікання. У рабоце сесіі прынялі ўдзел: Шарстнёў Мікалай Мікалаевіч, старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарстнёў; памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Пазняк; старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.
Таксама на сесіі выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання Анатоль Лукашоў, папярэдні мэр Дуброўны. Як звычайна і адбываецца пры цяперашняй уладзе, за кандыдатуру новага мэра прагаласавалі 100 % дэпутатаў райсавета дэпутатаў, як заўсёды не было ніводнага "слугі народа", які б устрымаўся ці прагаласаваў супраць. Прызначэнне новага мэра яшчэ не асноўная праблема. Часта дэпутаты галасуюць так і па іншых пытаннях, і не толькі ў Дубровенскім раёне.
Раней Алег Лындзін працаваў першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дубровенскага райвыканкама.
У Заходняй Еўропе часцей за ўсё гарадскога галаву, мэра горада, старасту вёскі і т.д. абіраюць самі людзі, якія пражываюць на гэтай мясцовасці. У Беларусі самакіраванне знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні, фармальна яно існуе, але насамрэч "загнана ў скляпенні". Мэра любога горада, вялікага ці малога, у Беларусі прызначае прэзідэнт, жыхары не маюць ніякага ўплыву на працэс прызначэння чалавека, які ўпаўнаважаны кіраваць горадам. Акрамя таго, дэпутаты, якія павінны ўхваліць ці адхіліць кандыдатуру мэра, абіраюцца на выбарах, вынікі якіх прызнаюцца міжнароднымі назіральнікамі несправядлівымі і недэмакратычнымі. Такім чынам, нярэдкія сітуацыі, калі ў які-небудзь беларускі горад мэрам прызначаецца чалавек, які не мае сярод гараджан ніякага аўтарытэту, а часам нават паходзіць зусім з іншых краёў.
На фота: 1) Алег Лындзін, 2) Мікалай Шарстнёў і папярэдні мэр Дуброўны Анатоль Лукашоў, 3) Цырымонія прызначэння мэра.
Фотаздымкі афіцыйнага сайту Дубровенскага райвыканкама.