Надзвычайнае здарэнне адбылося ў Аршанскім раёне 8-га студзеня каля шасці гадзінаў. Паліўны адсек аўтобуса падвергнуўся "атацы" марозу, і аўтобус стаў няспраўным. Балазе, на дапамогу 40 пасажырам і кіроўцу транспартнага сродку міжнароднага спалучэння прыйшлі супрацоўнікі Аршанскай ДАІ. Супрацоўнікі інспекцыі падвезлі да аўтобуса гарбату, каву, а некаторых людзей адвезлі на бліжэйшую аўтазаправачную станцыю, дзе пасажыры адагрэліся. Праз 3 гадзіны, паведамляе БЕЛТА, прыбыў новы аўтобус, які працягнуў маршрут да Масквы, а няспраўны аўтобус адбуксавалі назад у Менск.
Як паведаміў прадстаўнік Дзяржаўтаінспекцыі Аляксандр Казючыц, аршанскія супрацоўнікі ДАІ за гэту зіму дапамаглі ўжо 65 кіроўцам. Інспекцыя яшчэ раз просіць кіроўцаў, асабліва аўтамабіляў з дызельным рухавіком, устрымацца ад паездак на асабістым аўтатранспарце.