Найбольш запамінальнымі падзеямі лістапада стала, пэўна, прыняцце двух з аднаго боку важных, з іншага боку не папулярных рашэнняў мясцовымі ўладамі. Па-першае, гэта распачаўшыся па першым снегу рамонт участку вуліцы Міра ад маста праз Аршыцу да чыгуначнага маста. Рамонт, канешне, быў патрэбны, але па-першае здзівіў тэрмін пачатку работаў, па-другое, гэты рамонт справакаваў шмат затораў і аўтааварыяў у горадзе. Другое непапулярнае рашэнне - закрыццё смеццеправодаў. Некаторыя гарады краіны ўжо адмовіліся ад смеццеправодаў - іх проста заварылі, каб людзі выносілі смецце ў кантэйнеры на вуліцы. З аднаго боку, гэта павінна было палепшыць сітуацыю з санітарным станам жылых шматпавярховікаў і палепшыць паасобны збор, адпаведна, перапрацоўку смецця. У Оршы атрымалася "як заўсёды". Сістэма перапрацоўкі наладжана не была - пабытовае смецце і пластык са шклом збіраюцца ў адны і тыя ж машыны і вывозяцца на адзін і той жа палігон. Больш за тое, у першыя дні 2017 года прыборка смецця пагоршылася і на вуліцах з кантэйнераў (а іх не стала больш) смецце, проста, разляталася.
Распачаўся сезон зімовай рыбалкі і найбольш нецярплівыя рыбакі пайшлі на лёд. Ужо 20 лістапада першых траіх рыбакоў МНС вылавіла з-пад ільда куды яны праваліліся.
Як наступства прайшоўшых парламенцкіх выбараў, у Дуброўне змяніўся старшыня выканкаму - папярэдні сыйшоў у парламент. Новаму мэру дастаўся складаны перыяд жыцця Дуброўны - горад рыхтуецца да "Дажынак". Першай справай у Дуброўна пачалі рэканструяваць аўтастанцыю і запланавалі аднавіць работу асфальтнага завода. Дэпутат па Оршы Людзьміла Дабрыніна ў парламенце заняла сваю ранейшую пасаду - кіраўніка камісіі па эканоміцы. Праўда, у мінулым скліканні парламента яна на гэтай пасадзе была незаўважная.
З грамадскіх падзеяў важным было стварэнне ў Оршы новага незалежнага прафсаюза - РЭП. Сёння гэты прафсаюз мае ўжо больш за сотню сяброў і актыўна працуе. Таксама ў гэтым месяцы заўважнымі стала ініцыятыва "Хрушы супраць" - яны без папярэджання прыходзяць у розныя аб'екты сферы абслугоўвання і здымаюць там рэпартажы пра якасць іх працы. Работнікам сферы абслугоўвання такая ініцыятыва не падабаецца. Першыя ж здымкі ў Оршы выклікалі канфлікт у рэстаране на вакзале.
Наш сайт у лістападзе адзначыў сваё 9-годдзе. А праз некалькі дзён пасля дня народзінаў на сайце выйшаў 5000-ы артыкул.