Снежань - месяц пераднавагодніх клопатаў, горад упрыгожваўся ў гірлянды, на пляцах усталёўваліся навагоднія ялінкі і, нечакана,... танк. Новы экспанат з'явіўся ў парку Герояў - танк Т-72. Яшчэ адно абнаўленне ў раёне адбылося каля Бабінічаў. Нарэшце, пасля шэрагу аварыяў на "загавораным" пераходзе, на гэтым участку дарогі ўлады ўсталявалі асвятленне. Пераход стаў значна больш бяспечным. Апошнім здарэннем на ім стала збіццё машынай інкасатараў школьніка. У гэтым жа месяцы іншы школьнік быў збіты аўтамабілем таксі ў мікрараёне. Увогуле, у снежні было вельмі шмат аварыяў, прычым, патрапляў у аварыі зачастую грамадскі транспарт. Так, па дарозе з Горак у аварыю патрапіла міжгароднае маршрутнае таксі, яшчэ адна міжгародняя маршрутка патрапіла ў аварыю ў Цэнтры. А каля вёскі Ліпкі з дарогі выляцеў прыгарадны аўтобус з пасажырамі.
З падзеяў па лініі праваахоўных органаў найбольш запамінальным стаў вырак суда для маладзёнаў, якія забілі хлопца ў мікрараёне. Усе абвінавачаныя атрымалі па 25 гадоў турмы. А ў Дуброўна быў п'яным за стырном затрыманы яшчэ адзін афіцэр мясцовай міліцыі. Прычым, ужо не першы за той год.
З іншых надзвычайных здарэнняў найбольш запамінальнымі сталі перавоз праз Аршаншчыну новага корпуса рэактара для Беларускай АЭС, а дакладней, тое што на станцыі Слаўнае гэты рэактар ўдарыўся аб апору. І пажар на мясакамбінаце. Хаця пажар быў не надта вялікім, але стаў вельмі рэзанансным, бо людзі яшчэ памятаюць, што трагедыяй скончыўся мінулы пажар на гэтым жа прадпрыемстве некалькі год таму.
З эканамічных навінаў самай значнай стала паведамленне пра магчымае далучэнне самага паспяховага прадпрыемства Талачынскага раёна - талачынскага элеватара - да аршанскага элеватара. Навіна, магчыма, добрая для аршанцаў выклікала хвалю эмоцыяў у жыхароў суседняга раёна.
У сферы культуры зноў адзначыўся ўраджэнец вёскі Тарчылава музыка Сяржук Доўгушаў, які за грамадскую актыўнасць быў названы музычнымі крытыкамі "Героем года" - самая прэстыжная музычная прэмія краіны. І ў тым жа месяцы Сяржук прагучаў у СМІ яшчэ раз у сувязі з запускам свайго новага праэкту - беларускамоўнага ранішніка.
Прагучаў у зводках навінаў і яшчэ адзін ураджэнец Арашнскага раёну - са сваёй пасады быў зняты Аляксандар Касінец.
Сярод значных грамадскіх падзеяў - запуск АМГА "Звяз" новага сезону дваравога футбола. Летні чэмпіянат па дваравым футболе стаў настолькі паспяховым, што самі ўдзельнікі ўгаварылі арганізатараў запусціць яшчэ і зімовае змаганне за кубак. У выніку, кубак атрымала каманда вёскі Зубава.
На нашым сайце ў снежні быў запушчаны шэраг публікацыяў пра гісторыю "Раёнаў" у Оршы. Як і чакалася, публікацыі вызвалі неадназначную, але вельмі бурную рэакцыю. З усіх краязнаўчых даследванняў, якія публікаваліся на сайце, гэтае было найбольш чытаемае.