Яшчэ ў кастрычніку наш сайт паведамляў пра значны рост хабарніцтва ў Віцебскай вобласці. Але апошнія месяцы 2016 года, на шчасце, не былі настолькі "пладавітыя" на карупцыю. Зрэшты, усё вельмі адносна. У 2016 годзе, паведамляе БЕЛТА, адбылося 168 карупцыйных злачынстваў. Падзенне толькі на 9 выпадкаў у параўнанні з 2015. Затое колькасць людзей, прыцягнутых у рэгіёне да крымінальнай адказнасці ў падазрэнні да дачынення да карупцыйных схемаў, вельмі ўзрасла. 132 чалавекі адказвалі за хабарніцтва перад судом, а ў 2015 "толькі" 85. У ліку 132 чалавек, якім інкрымінавалі хабарніцтва, 1 прадстаўнік мясцовай улады і 4 супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Асноўныя карупцыйныя злачынствы на Віцебшчыне - стандартнае атрыманне "хабару" звычайна ў грашовым вымярэнні і выкраданне грошай шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Самыя карупцыйныя сферы - гандаль (32 злачынствы), транспарт (28) і сельскагаспадарчая вытворчасць (26). 9 карупцыйных злачынстваў здзейснены ў сістэме дзяржаўнага кіравання, таксама пракуратура вобласці паведаміла, што 5 крымінальных справаў былі заведзены на супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Што датычыцца канкрэтна Аршаншчыны, то наш раён займае малапачэснае другое месца па карупцыі пасля Віцебскага. 32 злачынствы, што складае 19% ад агульнай колькасці па Віцебскай вобласці. Фактычна, кожны пяты выпадак хабарніцтва ў вобласці адбываецца ў Аршанскім раёне.