Гурт "Краски" ўзнік у Менску ў 2001 годзе, і даволі хутка выйшаў на пік папулярнасці, выйшаў за межы роднай Беларусі і прабіўся на міжнародны рынак. Іх гастролі ахапілі і вялікія абшары суседняй Расеі, ды так, што нават не ўсе беларусы ведалі, што "Краски" іх землякі. Канцэрты ад Дубліна да Хабараўска, ратацыя на папулярных радыёстанцыях, лідэрства ў хіт-парадах сталі рэальнасцю. Затым у гісторыі гурта былі розныя перыяды, і канфіскацыя пірацкіх дыскаў, і змены саставаў, і справы па аўтарскіх правах, і двайнікі, якія незаконна карысталіся вялікай папулярнасцю "Красок", зарабляючы чужым імем вялікія грошы.
Карэспандэнты orsha.eu дамовіліся на сустрэчу з дырэктарам і салісткай гурта "Краски" літаральна за гадзіну да іх выступу ў начным клубе "Баба-Яга". Раней "Краски" ўжо выступалі ў Оршы, адзін канцэрт на пачатку 2000-х з вялікім поспехам адбыўся ў Доме культуры чыгуначнікаў, яшчэ адзін канцэрт у "Перамозе" (цяпер ГЦК) не адбыўся з афіцыйнай фармулёўкай "хвароба салісткі". І вось цяпер "Краски" вярнуліся ў наш горад і парадавалі сваім выступам усіх, хто сабраўся ў гэты вечар паслухаць залаты састаў калектыву. На відэа мы змясцілі некалькі адказаў на пытанні ад салісткі і дырэктара гурта пра двайнікоў, цяперашні гастрольны графік, папулярнасць.
Акрамя таго, гурт "Краски" адмыслова для чытачоў Orsha.eu пакінуў аўтограф з найлепшымі пажаданнямі!
Выказваем падзяку начному клубу "Баба-Яга" за дапамогу ў арганізацыі інтэрв'ю.