Летась каманда Барані досыць някепска згуляла ў чэмпіянаце Віцебскай вобласці па футболе. Футбалісты клуба набралі 14 пунктаў і сталі 4-мі. Прабіцца ў фінальную "пульку" абласнога першынства не ўдалося, але такі вынік сапраўды можна лічыць паспяховым, асабліва на тле таго, што бараньцы даўно не выступалі на такім узроўні. Акрамя таго, у 2016-м годзе "Барань" заваявала срэбраныя медалі чэмпіянату Аршанскага раёна, саступіўшы "Лакаматыву" толькі па розніцы забітых і прапушчаных галоў. У 2015 годзе "Барань" выйграла ў гэтым турніры золата. Хацелася, каб бараньцы працягвалі свой выступ на абласным узроўні, але сёлета ў Барані не будзе сваёй каманды там. Шкада.
У чэмпіянаце Віцебскай вобласці з рэгіёнаў, якія знаходзяцца побач з Аршаншчынай, згуляюць каманды "Сянно", "Ніва" (Талачын) і "Дняпро" (Дуброўна). Гэтыя тры клубы традыцыйна выстаўляюцца на матчы абласной лігі, а дубровенцы, як вядома, нярэдка перамагаюць юную змену "Оршы" ў юнацкіх змаганнях. На дыяграмах прадстаўленыя ўсе каманды, якія прымаюць удзел у першынстве Віцебскай вобласці. Летась "Сянно" саступіла залатыя медалі ў барацьбе з "Лепелем" і здаволілася толькі срэбрам, не здолела паўтарыць поспех 2015 года.
Акрамя таго, нельга забыць і пра чэмпіянат Магілёўскай вобласці, з якой мяжуе Аршанскі раён. Калі чэмпіянат Віцебшчыны падзелены на 2 зоны па 7 каманд у кожнай, то чэмпіянат Магілёўшчыны ўтрымлівае ўсяго 6 каманд, якія высветляць, хто мацнейшы ў кругавым турніры. На яго заявіліся "Горкі" і шклоўскі "Спартак". Спартакаўцы яшчэ нядаўна гулялі ў 2-й рэспубліканскай лізе, аднак цяпер выступаць у чэмпіянаце краіны не могуць з фінансавых прычынаў. Што датычыцца "Горак", дык фінансавыя праблемы ўжо традыцыя для чырвона-сіняга клуба. Каманда не адзін год на вядучых ролях у абласной лізе, рэгулярна выступае ў Кубку Беларусі, аднак грошай, каб аформіць заяўку і выступаць у 2-й лізе чэмпіянату Беларусі ў горацкіх футбалістаў не хапае.
Акрамя гэтых дваіх клубаў, у чэмпіянаце Магілёўскай вобласці прымуць удзел "Вейна", "Краснаполле", "Ніва" (Чавусы), "Сервалюкс" (Межысеткі), "Слаўгарад" і "Чэрыкаў". Варта заўважыць, што "Спартак" са Шклова і "Горкі" - адны з самых тытулаваных клубаў вобласці. Напрыклад, "Спартак" быў чэмпіёнам вобласці яшчэ ў далёкім 1997 годзе, у 2010 і 2013 браў бронзавыя медалі. З улікам таго, што "Спартак" доўгі час выступаў на рэспубліканскім узроўні, яго поспехі немалыя.
А "Горкі" і наогул усталявалі рэкорд клуба. "Чырвона-сінія" ўжо 7 гадоў запар бяруць медалі абласнога чэмпіянату! Больш за тое, вартасць гэтых медалёў не ніжэй за срэбра! За гэты перыяд чатыры разы горацкія футбалісты заваёўвалі срэбра, у 2016, дарэчы, яны саступілі першае месца "Сервалюксу" з аграгарадка Межысеткі, які сёлета паспрабуе абараніць тытул. А ў 2012, 2013 і ў 2015 гг. "Горкі" не ведалі сабе роўных у вобласці і бралі чэмпіёнства.