Супрацоўнікамі АБЭЗ Аршанскага РАУС устаноўлена, што 44-гадовая жыхарка раённага цэнтра падманвала шэраг людзей, а шэраг людзей фіктыўна ўладкавала на працу. Працуючы на пасадзе старшыні праўленняў некалькіх таварыстваў уласнікаў і карыстаючыся сваімі службовымі паўнамоцтвамі, яна прыцягвала грамадзян да працы ў інтарэсах таварыства ў якасці дворнікаў або прыбіральшчыкаў пад'ездаў, пры гэтым афіцыйна іх не працаўладкоўвала, і дасягаючы з імі вуснага пагаднення па аплаце працы ў памеры значна меншым, чым прадугледжана пратаколамі заснавальнікаў сходу уласнікаў таварыства для афіцыйна ўладкованай асобы на дадзенай пасадзе, альбо фіктыўна працаўладкоўвала іншых асоб на дадзеныя пасады. Пасля чаго складала фіктыўныя дакументы аб прыёме на працу ў якасці дворнікаў і прыбіральшчыкаў пад'ездаў дадзеных асоб і дамовы падраду з імі пра нібыта выкананыя імі работы, на падставе якіх налічвалася заработная плата, часткай ад якой распараджалася па сваім меркаванні. Яна ж, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, фіктыўна працаўладкавала на час свайго працоўнага адпачынку на пасаду выконваючага абавязкі старшыні праўлення таварыстваў адну са сваіх знаёмых, якая фактычна абавязкі на дадзенай пасадзе не выконвала, таксама незаконна завалодала грашовымі сродкамі ў выглядзе незаконна налічанай заработнай платы. Пра гэта паведамляе сайт УУС Віцебскай вобласці.
Такім чынам, шляхам вышэйпрыведзеных злачынных маніпуляцый "знаходлівая" старшыня завалодала грашовымі сродкамі таварыстваў уласнікаў на агульную суму больш за 5 тысяч рублёў.
Судом Аршанскага раёна і горада Оршы жанчына была прызнаная вінаватай у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам "крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ". Ёй прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 2 гады 6 месяцаў, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў.
Дарэчы, жанчына-махлярка не навіна для Оршы. Успомнім, да прыкладу, сітуацыю з гаражным кааператывам ў 2015 годзе. Тады жанчына сабрала амаль 10 тысяч даляраў з людзей, якія выкупілі ўчасткі пад будаўніцтва гаражоў. На самай жа справе гаражы ніхто будаваць не збіраўся, і зямля пад гэта не прызначалася. Махлярка тады была асуджаная на 4 гады пазбаўлення волі. Антыгераіня гэтай гісторыі адкараскалася пакараннем без накіравання ў калонію, але рэпутацыю сапсавала назаўжды.