03:00

-1

7 м/с

975 гПа

06:00

-1

8 м/с

977 гПа

09:00

-2

7 м/с

979 гПа

12:00

-0

7 м/с

981 гПа

15:00

+1

7 м/с

981 гПа

Орша, Культура

Ілюстраваная храналогія гісторыі і культуры Оршы.

06.08.2017 21:00

6124 прагляду, 6 каментароў

1700 - 1730

Працягваем публікаваць Храналогію гісторыі Оршы ад гісторыка Віктара Лютынского: ўступленне 1552 г. - 1562 г., 1563 г. - 1566 г. Частка 2. 1566- 1587 гг. Частка 3. 1579 г. - 1585 г. Частка 4. 1586 г. - 1595 г., 2 жніўня. Частка 5., 1596 г., люты - Канец XVI ст. Частка 6

, 1601 г. - 1611 г. Частка 7, 1612 г. - 1619 г. Частка 8, 1620-1625 гг. - 1629 г., 29 верасня. Частка 9, 1630 г. - 1635 г.(?) Частка 10. 1635 г. - 1640 г. Працяг 1641 г. - 1651 г. Частка 11 1652 - 1654, 1655 - 1687,1655 - 1687 Працяг, 1688 - 1700

Скончылася XVII стагоддзе, бадай, самае трагічнае ў гісторыі Беларусі. Пасля амаль няспынных войнаў, якія Рэч Паспалітая вяла з Расійскай дзяржавай, значна скарацілася насельніцтва, у заняпадзе знаходзілася гаспадарка. Пачатак XVIIІ стагоддзя таксама пачаўся з вайны, якую на нашай тэрыторыі вяла Расія са Швецыяй. А цярпелі найбольш нашыя продкі. Наогул, першая палова стагоддзя ў гісторыі Оршы застаецца амаль “белай плямай”. У “Храналогіі...” Аляксандра Кудзіна за гэты перыяд згадваецца ўсяго тры (!) падзеі. Хіба што цяпер іх значна больш, у першую чаргу за кошт згадак пра міжканфесійныя адносіны, якія ў той час як ніколі абвастрыліся (куды тады знікла хваленая беларуская талерантнасць?). Ну й нарэшце, у апошняй трэці стагоддзя карэнным чынам змяніўся лёс Оршы, ды і ўсёй Беларусі. У выніку трох драпежніцкіх падзелаў Рэчы Паспалітай нашы землі трапілі ў склад Расійскай імперыі, якую нездарма называлі “турмой народаў”. Але, усё па-парадку.

1701 г. Падчас барацьбы магнацкіх груповак атрады пад камандаваннем Паўла Млоцкага і Самуэля Пакаслаўскага напалі на Куцеінскі Свята-Богаяўленскі манастыр, дзе быццам бы хаваўся дубровенскі войт і захоўвалася маёмасць дубровенскіх жыхароў. Манастыр быў абрабаваны, сбіты яго ігумен Іоў Малочка, а манахі паразбягаліся.

1702-1708 гг. Адбылася Вялікая Паўночная вайна ў Беларусі. Шведскае войска (каля 35 000 жаўнераў) тройчы спыняецца ў Беларусі (1702-1703, 1706, 1708), ведучы баявыя дзеянні супраць Расіі.

Шведская армія часоў Паўночнай вайны. Сучасны малюнак

Руская армія часоў Пятра І. Мастак А. Яжоў. 2009 г.

1703 г. Віцебскі летапіс паведамляе, што “Палкоўнік Пратавопаў і з ім 20000 чалавек ішлі праз Віцебск, а другі з 70000 чалавек ішоў праз Оршу”.

Расійскія вайскоўцы часоў Паўночнай вайны. Сучасны малюнак

1703 г. Памёр праваслаўны епіскап Мсціслаўскі, Аршанскі і Магілёўскі Серафіён Палахоўскі. Епіскапам Беларускім стаў князь Сільвестар Святаполк Чацвярцінскі.

Герб князёў Чацвярцінскіх

1703 г. Падстаростам Аршанскім быў Казімір Кміціч.

1703 г. Войтам Аршанскім быў Юзаф Краеўскі.

Кантуш і жупан шляхціца. Рэканструкцыя Ю.Піскуна

Пачатак XVIII ст. У Оршы налічвалася 49 рамесніцкіх спецыяльнасцяў.

Вырабы з каляровых металаў. XVII-XIX стст. Свята-Богаяўленскі сабор Куцеінскага манастыра. Раскопкі В.М.Ляўко

1703-1704 гг. Старостам судовым аршанскім быў Юрый-Гэранім Крышпін-Кірштэштэйн гербу “Крышпін”.

Герб “Крышпін”

1705 г. Віцебскі летапіс паведамляе, што “Генерал Баўэр адабраў ад шведа Мітаву, Борск і Ліпаў, нямала там шведаў палажыў, а потым выйшаў з войскам у поле, мінамі гэтыя гарады ўзарваў і зруйнаваў і прыйшоў у Оршу”.

Расійскія вайскоўцы часоў Пятра І

XVII ст., другая палова-пачатак XVIIІ ст. Створаны рукапісны “Аршанскі зборнік”, які ўключаў свецкую песенную лірыку. Знойдзены ў 1971 г. у бібліятэцы князёў Чартарыскіх у Польшчы і апісаны беларускім літаратуразнаўцам А.В. Мальдзісам. Поўная назва рукапіса – “Збор вершаў польскіх і рускіх”.

1706 г., 4-27 лютага У Оршы падчас Паўночнай вайны знаходзіўся рускі цар Пётр І. Згодна падання, ён маліўся аб дараванні перамогі над шведамі ў драўлянай Свята-Ільінскай царкве.

Пётр І

Расійскія вайскоўцы. Пачатак XVIII ст. Малюнак Ю. Каштанава

1706 г. Жыхары Оршы (калі шведы былі ў Беларусі) ўзнялі паўстанне супраць расійскага гарнізону, знішчылі салдат ды абвесцілі пра пераход горада пад шведскі пратэктарат.

Шведскі кароль Карл ХІІ. Старадаўняя акварэль

1708 г. Праз Аршаншчыну прайшоў шведскі корпус генерала А.Л. Левенгаўпта.

Адам Людвіг Левенгаўпт. Тагачасная гравюра

Шведская армія ў паходзе. Мастак А. Эдельфельд

1708 г., верасень Віцебскі летапіс паведамляе, што “капітан Салаўёў з 2500 конных казакаў і калмыкаў… выпаліў увесь Віцебск… Ён жа з тымі ж казакамі раней выпаліў Магілёў, Быхаў, Дуброўну, Оршу і Кадзін, панскія дамы, нікога не шкадаваў”.

Казакі. Калмыцкія і башкірскія вершнікі. Мастак Ю. Каштанаў

1709 г., снежань Адбыўся сеймік Аршанскага павета.

Шляхціцы. Малюнак Я. Матэйкі, з габелена XVIII ст.

1709 г. У сувязі з вайсковымі дзеяннямі зачынена бурса ў Аршанскім езуіцкім калегіуме.

1712 г. Сейм Рэчы Паспалітай прыняў закон, згодна якому праваслаўныя канчаткова пазбаўляліся дзяржаўнай аховы з боку Рэчы Паспалітай.

Картуш (упрыгожанне ў выглядзе шчыта) з выявай герба Рэчы Паспалітай. XVIII ст.

1712 г. Рэчыцкі падчашы перадаў Аршанскаму езуіцкаму калегіуму фальварак Мікуліна з 2 вёскамі.

1713 г. Пачаліся заняткі ў бурсе Аршанскага езуіцкага калегіума.

Вучоба ў калегіуме. Кадр з відэафільма “Спадчына зямлі Аршанскай”

1714 г. Братамі Адамам і Уладзіславам Саковічамі заснаваны ў Оршы кляштар трынітарыяў («Ордэн Прасвятой Троіцы», лац. Ordo Sanctissimae Trinitatis, OSsT) і ўзведзены ў ім касцёл Страсцей Гасподніх. Трынітарыі – каталіцкі манаскі жабрацкі ордэн. Заснаваны ў 1198 г. французскім багасловам Жанам дэ Мата і пустыннікам Феліксам дэ Валуа для выкупу палонных хрысціян з мусульманскага палону. Строгі статут ордэна забараняў манахам есці мяса і рыбу, а таксама валодаць якой-небудзь маёмасцю. Пазней трынітарыі займаліся лячэннем хворых, дапамогай бедным і евангелізацыяй.

Герб Саковічаў “Корвін”

Заснавальнікі ордэна трынітарыяў – святыя Жан дэ Мата і Фелікс дэ Валуа

Герб ордэна трынітарыяў

Былы кляштар трынітарыяў. Фотопаштоўка пачатку ХХ ст.

Жылы будынак былога кляштара трынітарыяў. Фота С.Сляпцова

1716 г. Варшаўская канфедэрацыя загадала разбурыць усе праваслаўныя храмы, якія былі пабудаваны пасля 1632 г.; былі забаронены публічныя царкоўныя сходы праваслаўных і былі дазволены толькі хатнія багаслужэнні.

1717 г. Пачалося будаўніцтва мураванага будынка езуіцкага калегіума. Ён быў 2-павярховым, складаўся з двух крылаў, размешчаных пад прамым вуглом адно да другога; у іх месціліся келлі манахаў, бібліятэка, інтэрнат навучэнцаў публічнай школы, склад і інш. У месцы іх перакрыжавання далучалася 1-павярховая прыбудова трапезнай з вокнамі ў сад.

Аршанскі калегіум езуітаў пасля аднаўлення. Фота 2012 г.

Езуіты. Тагачасны малюнак

1717 г., 20 лістапада Нарадзіўся Георгій Каніскі (г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна), праваслаўны царкоўны і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Епіскап Магілёўскі (1755), неаднаразова наведваў Оршу. Памёр 13 лютага 1795 г. У 1993 г. кананізіраваны.

Георгій Каніскі

1718 г., 20 студзеня Ігумен Куцеінскага Свята-Богаяўленскага манастыра Мяленцій Чайкоўскі накіраваў скаргу расійскаму імператару Пятру І на ўціск з боку уніятаў.

Куцеінскі Свята-Богаяўленскі манастыр. Малюнак Дз. Струкава. 1860-я гг.

1718 г. У Куцеінскім Свята-Успенскім манастыры пражывала 46 манашак. Яму належылі вёскі Свісцёлкі, Стаўры, Пуцянкіна і засценак Шугайлава. У гэтых вёсках налічвалася 145 душ сялян мужскога пола, якія не плацілі аброка, а апрацоўвалі манастрыскую зямлю ў памеры 1359 дзесяцін.

Пры закладцы новага дома па вуліцы Флёрава былі знойдзены вялікія скляпенні, якія існавалі пад мураванай саборнай царквою Куцеінскага Свята-Успенскага манастыра. Фота А.М. Шынкевіча. 1987 г.

1720 г., 6 кастрычніка Расійскі дзяржаўны дзеяч Аляксандр Данілавіч Меншыкаў атрымаў падцверджанне на валоданне Аршанскім староствам, дадзенае яму каралём польскім і вялікім князем літоўскім Аўгустам ІІ.

А.Д. Меншыкаў

1720-я гг. Аршанскім харужым быў Казімір Стэткевіч.

1722 г. Аршанскія езуіты на чале сваіх навучэнцаў ўварваліся ў Куцеінскі Свята-Успенскі жаночы манастыр з агнястрэльнай зброяй для захопу цудадзейнага абраза Багародзіцы. Яны палохалі манахінь, стралялі, падпалілі некаторыя манастырскія пабудовы.

Куцеінскі Свята-Успенскі манастыр.Малюнак Дз. Струкава. 1860-я гг.

1723 г., сакавік Куцеінскі Свята-Богаяўленскі манастыр наведаў епіскап Аршанскі і Магілёўскі (Беларускі) Сільвестр (князь Чацвярцінскі). У час наведання «поляки с униатами бандой ворвались в монастырь, избили братию монастыря, стреляли из пистолетов, рубили саблями». Сам епіскап пісаў Пятру І 31 сакавіка: “поехал я в Кутеинский монастырь благочестивый для неединократного тамошних монахов прошения. Дабы между оными разорвать происшедшие ссоры, упрося с собой и господина комиссара Рудковского (Ігнат Рудкоўскі – перакладчык пры Расійскім пасольстве ў Варшаве і камісар для нагляду за становішчам праваслаўных у Рэчы Паспалітай – В.Л.). Приближаясь к монастырю, послал я своих служителей известить о нашем приезде; но монахи едва не убили посланных. Как скоро въехал я в самый монастырь, тогда по научению монаха Михаила Кобрынца, обступила шляхта и военная команда, ворота выломали и необычайным и страшным насильством, нападали на меня и на г. комиссара, били нас саблями плашмя, стреляли из пистолетов и из ружей, а слуг наших кольями и каменнем на смерть били и всех игуменов и монахов, при мне бывших, разогнали, а нас обоих под саблями 14 часов держали, не смотря на протесты мои и г. комиссара … но ничто не помогло… Кутеинских же монахов буйствовавших и со шляхтою, которые меня и г. комиссара держат под стражей, за такой дерзкий и безбожный поступок, градскому Суду надлежало бы отдать, Стеткевича (Аршанскага харужага – В.Л.) и сих разбойников в твою монаршескую отдаю волю, чего они годны за столь страшную и неслыханную от веков в Польше учиненную обиду, насильство и разбой…»

1724 г. Перакладчык пры Расійскім пасольстве ў Варшаве і камісар для нагляду за становішчам праваслаўных у Рэчы Паспалітай Ігнат Рудкоўскі даносіў: “Франтишек Чернявский, архидьякон Белорусский закона римского… приехав до Орши, не токмо насильственно греко-российские церкви хотел разоряти, но в ругательство святой веры христианского греко-российского закона людей равных учинил с жидами, и старается искоренити тамошние церкви под предлогом нового строения, сверх того и весь Оршанский повет к тому понуздает, дабы закон греческий вовсе уничтожить”.

1724 г. Ксёндз Ф. Чарняўскі абвесціў, каб царкву ў Оршы (у дакуменце не згадваецца яе назва), якую ўжо залажылі, не будаваць, або разарыць яе. Або ў Унію звярнуць.

1724 г. У Оршы адбыўся судовы працэс аб збіцці і катаваннях свяшчэнніка, якія над ім учыніў адзін з вайскоўцаў.

1724 г. У Аршанскім езуіцкім калегіуме пачала выкладацца філасофія.

Вучоба ў калегіуме. Кадр з відэафільма “Спадчына зямлі Аршанскай”

1725 г. Прыняты закон, згодна якому цэрквы павінны былі будавацца не вышэй за жыдоўскія школы. А таксама забаранялася будаўніцтва ў Оршы мураваных цэркваў.

1726 г., 18 верасня Нарадзіўся Станіслаў Шадурскі (каля г. Дзвінска, цяпер Даўгаўпілс, Латвія), беларускі і польскі філосаф і педагог, прафесар (з 1759). Вучыўся ў Аршанскім езуіцкім калегіуме. Памёр у 1789 г.

Былы езуіцкі калегіум. Фота 2012 г.

1729 г., 4 студзеня Нарадзіўся Іахім Ігнацы Юзаф Храптовіч, Літавор-Храптовіч (маёнтак Ясянец Навагрудскага пав., цяпер в. Ясянец Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.), дзяржаўны, гаспадарчы, навуковы і культурны дзеяч ВКЛ. Быў у тым ліку старостам Аршанскім. Памёр 4 сакавіка 1812 г.

І.І. Летавор-Храптовіч

1729 г., 21 красавіка (2 мая) Нарадзілася Кацярына ІІ (г. Шчэцін, Польшча), расійская імператрыца (1762-1796). Народжаная нямецкая прынцэса Софія Фрэдэрыка Аўгуста Ангальт-Цэрбсцкая. З 1744 г. жонка будучага расійкага імператара Пятра ІІІ. Выкарастаўшы непапулярнасць мужа сярод дваранства, з дапамогай гвардыі ўчыніла дварцовы пераварот і захапіла прастол. Памерла 6(17) лістапада 1796 г.

Кацярына ІІ

1730 г. Аршанскім павет увайшоў у склад Мсціслаўскага ваяводства.

Карта “Аршанскі павет Мсціслаўскага ваяводства”

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Ілюстраваная храналогія гісторыі і культуры Оршы.

1700 - 1730

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение