"Агітпрабег" так званага "нацыянальна-вызвольнага руху" Расіі плануе праехаць па нашай краіне, у тым ліку праз Оршу. Калона агіпрабегу выехала яшчэ 12 чэрвеня з Магадану, паводле мапы прабегу, праехаўшы па ўсёй Расіі, яны плануюць праз Оршу заехаць у Беларусь дзе дабрацца да Брэста. З Брэста агітпрабег скіруецца па Палессі да Бранска, адтуль на Каўказ, Крым і скончыцца прабег на Данбасе. Мэта прабегу - асветніцкая работа сярод насельніцтва краіны (маецца на ўвазе Расія) аб выніках дзейнасці Пуціна.
Праўда, пакуль расійскія так званыя "нацыянал-дэмакраты" недакладна гавораць пра прыезд у Беларусь. Газета "Наша Ніва", спасылючыся на словы арганізатараў агітпрабегу, гаворыць, што іх візіт у нашу краіну залежыць ад таго "ці пусцяць іх у краіну".
Што ж такое "нацыянал-вызвольны рух Расіі"? Гэта незарэгістраваная (і ў Расіі таксама) арганізацыя, якая змагаецца "за аднаўленне суверэнітэта ў законных межах 1945-1991 гадоў", такім чынам, адпаведна, адмаўляючы суверэнітэт краінаў, якія атрымалі незалежнасць у 1991 годзе, у тым ліку незалежнасць Беларусі. Арганізацыя гэтая даволі неадназначная. З аднаго боку, яны падкрэсліваюць сваю "праваслаўнасць", з іншага боку, папулярызуюць неаязычніцтва, праводзячы, з кіраўнікамі язычніцкіх сектаў разнастайныя мерапрыемствы. З аднаго боку, арганізацыя з'яўляецца прапуцінскай, з іншага боку пайшла на канфлікт з праўладным прапагандыстам Кіселёвым за тое, што той пад час выбараў у ЗША часцей казаў пра Трампа, чым пра Пуціна. З аднаго боку, арганізацыя гаворыць пра тое, што не парушае закон, з іншага неаднаразова сябры НОД-у нападалі на журналістаў, грамадскіх актывістаў, пісьменнікаў і г.д. Прычым, пры такіх нападах у ход ішлі не толькі кулакі і ногі, але і газавыя балончыкі, яйкі, зялёнка ды інш.
Таксама НОДаўцы ўдзельнічалі ў захопе Крыма і зараз удзельнічаюць у вайне на Данбасе на баку Расіі.