На першым этапе клубы былі падзеленыя на дзве зоны па тэрытарыяльным прынцыпе. Лепшыя 4 каманды з кожнай зоны выходзяць у фінальны этап. Папярэдні турнір амаль скончаны, і фіналісты амаль вызначаныя. З падгрупы "А" у фінальную "пульку" выйшлі "Полацакгаз", "Лепель", "Глыбокае" і "Паставы", заключныя матчы гэтай падгрупы ніяк не паўплываюць на склад чатырох "дэлегатаў" у фінальны этап. З падгрупы "Б" пакуль у зоне выхаду знаходзяцца "Газавік" (Віцебск), "Сянно", "Прамень" (Гарадок) і "Шуміліна". Талачынская "Ніва" 17-га верасня а 12:30 згуляе матч "жыцця і смерці" на выездзе супраць "Шуміліна". Толькі гасцявая перамога выводзіць талачынскі клуб у фінальны этап, нават нічыя спрыяе "Шуміліну".
Дубровенскі "Дняпро" завяршыў папярэдні этап на 6-м месцы, і ў васьмёрку лепшых не трапіў, і калі "Ніва" з Талачына яшчэ можа заскочыць у апошні вагон, дык змаганне за медалі пройдзе ў любым выпадку без удзелу "Дняпра". Акрамя таго, чэмпіянат вобласці, як гэта часта здараецца, не абышоўся без фінансавых праблемаў. Каманда "Дзвіна-Барс" з Верхнядзвінску здолела правесці ў чэмпіянаце толькі 6 гульняў, прычым прайграла ўсе сустрэчы з агульным лікам 2:28. На 7-м тур каманда ўжо не з'явілася і знялася з чэмпіянату.