Працягваецца фінальны турнір чэмпіянату Віцебскай вобласці па футболе. Да канца застаецца чатыры туры, і пакуль табліцу ўзначальвае "Сянно". Але вялікая канкурэнцыя ад "Лепеля", віцебскага клуба "Газавік" і "Полацкгаза". Фактычна, чатыры каманды сур'ёзна прэтэндуюць на заваяванне залатых медалёў. Летась лепшым клубам вобласці быў "Лепель", цяпер сенненцы робяць усё магчымае, каб вярнуць сабе золата. Замыкае табліцу фінальнага этапу "Шуміліна", якому ўдалося апярэдзіць на папярэднім групавым турніры талачынскую "Ніву" і не пусціць яе ў вырашальныя матчы.
Цікава, што напярэдадні "Сянно"пры спрэчным арбітражы саступіла 2:4 у гасцях "Полацкгазу". А ў бліжэйшым туры сенненцы прымаюць на сваім полі "Лепель", гэтая гульня стане адной з самых важных і вызначальных у чэмпіянаце. Сустрэча пройдзе ў Сянне на Гарадскім стадыёне 15-га кастрычніка і пачнецца а 14:00.