Неяк незаўважна за штодзённай работай надыйшоў наш першы юбілей. Ужо 10 гадоў мы штодзённа, ці амаль штодзённа, паведамляем аршанцам навіны нашага рэгіёна. І, бачна, што мы робім правільна, бо за гэты час мы сталі самым папулярным сайтам пра Оршу і адным з папулярных рэгіёнальных сайтаў краіны. Паводле лічыльнай сістэмы Liveinternet сёння orsha.eu штодзень займае 18-25 месца ў катэгорыі "Гарады і рэгіёны", але яшчэ ў пачатку года мы толькі імкнуліся ўвайсці ў трыццатку. Акрамя таго, наш сайт найбольш каментуемы сярод аршанскіх - значыць, наша падача навінаў і самі навіны выклікаюць водгук з боку чытачоў - тое чаго мы доўга дамагаліся.
А пачыналася ўсё з экспераменту. Не маючы магчымасці зарэгістраваць у горадзе незалежную газету, некалькі чалавек вырашылі паспрабаваць стварыць інтэрнэт-рэсурс, каб людзі маглі абмяркоўваць падзеі горада і рэгіёна, выказваць сваё меркаванне. І гэтая мэта была дасягнута руплівай працай.
Мы ўдзячныя ўсім хто напрацягу гэтых 10 год быў з намі і тым хто далучыўся да сайту нядаўна. Удзячныя кожнаму чытачу, кожнаму каментатару і блогеру. Наш поспех - гэта і ваш поспех. Без вас сайт не дасягнуў бы сёняшніх паказчыкаў.