Супрацоўнікамі АБЭЗ Аршанскага РАУС на аўтадарозе Брэст-Мінск-мяжа РФ непадалёк ад вёскі Засценкі Дубровенскага раёна была затрымана аўтамашына "МАН" пад кіраваннем 36-гадовага непрацуючага жыхара Оршы. Падчас агляду аўтамабіля міліцыянтамі быў знойдзены груз лому чорнага металу на суму 735 рублёў, які перавозіўся без адпаведных дакументаў. У дачыненні да ўладальніка аўтамабіля быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні па частцы 1 артыкула 12.29 КаАП. Груз канфіскаваны.
Фатаграфію аўтамабіля публікуюць "Віцьбічы".
Тым часам скончана расследванне ў Аршанскім раёне, якое датычылася крадзяжу ў мужчыны 1955 года нараджэння мабільнага тэлефона. Крадзеж адбыўся яшчэ 15 верасня, а знікненне тэлефона мужчына заўважыў пасля сыходу наглядна знаёмага чалавека. Тэлефон коштам 150 рублёў знайшлі, у здзяйсненні крадзяжу падазраецца непрацуючы 1968 года нараджэння.
А таксама ў Аршанскім раёне быў скрадзены дзіцячы вазок. Яго скралі 8-га лістапада наўпрост з пад'езда ў доме па месцы жыхарства мужчыны 1986 года нараджэння, які і заявіў пра крадзеж. Матэрыяльная шкода склала 100 рублёў. Распачата крымінальная справа, па частцы 1 артыкулу 205 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, па якой будуць судзіць і фігуранта справы з крадзяжом мабільніка. Толькі ў сітуацыі з дзіцячым вазком злодзея яшчэ трэба знайсці.