Пажар здарыўся 18-га лістапада ў 3:36 у вёсцы Смародзіна Лёзненскага раёну. Пажар быў настолькі моцным, што знішчыў столь, дах і маёмасць, якая была ўнутры, а таксама істотна пашкодзіў сцены. Фотаздымкаў з пажару прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях па Віцебскай вобласці не публікуе. Прычына пажару ўсталёўваецца. А самае прыкрае, што ў 4:11 на месцы пажару быў знойдзены труп мужчыны 53 гадоў. Высвятляюцца ўсе абставіны трагічнага здарэння.
На жаль, гэтыя кастрычнік і лістапад у нашым рэгіёне сталі "ўраджайнымі" не проста на пажары, а на пажары са смяротнымі выпадкамі. У кастрычніку на завулку Чырвонагвардзейскім у пажары загінула жанчына, а яе дачка атрымала апёкі. На пачатку лістапада на вуліцы Скарыны ў агні загінуў мужчына. А праз два дні трагедыя здарылася ў Лёзненскім раёне ў вёсцы Новае Сяло, дзе ў пажары загінуў яшчэ адзін мужчына. І вось - новае сумнае здарэнне, і ўжо другое за лістапад у Лёзненскім раёне, зноў гіне мужчына.