Сёлета ў шэрагу беларускіх гарадоў былі ўскрыты капсулы з пасланнем нашчадкам, якія закладвалі камуністы шмат дзесяцігоддзяў таму. Напрыклад, капсулу, закладзеную на 50-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, ускрывалі ў Полацку. Яна была прымеркаваная да 100-годдзя падзеі. У пасланні ўтрымліваюцца парады і пажаданні да нашчадкаў. Натуральна, у кожным такім пасланні ёсць просьба ад папярэдняга пакалення камуністаў захоўваць і памнажаць славу краіны Саветаў. Цяпер СССР не існуе, і ад таго яшчэ цікавей даведацца, што ж перадалі праз гады людзі, якія закладалі капсулы. Але нельга сказаць, што часта ў тэксце была інтрыга. Вось у Полацку тэкст паслання быў вядомы, яго апублікавалі ў газеце "Сцяг камунізма". Тэкст прыведзены ў нумары за 9 чэрвеня 1966 года.
Да нас на сайт ад розных чытачоў прыйшло пытанне, а чаму капсулу не ўскрывалі ў Оршы? А справа выглядае проста: і не павінны былі. Капсула нашчадкам захоўваецца ў будынку раённага выканаўчага камітэту. І яна была прымеркаваная таксама 50-годдзю, але не рэвалюцыі, а стварэння БССР і кампартыі БССР. І закладзена яна была ў 1969 годзе ў студзені. Цырымонія ўскрыцця капсулы адбудзецца 1 студзеня 2019 года. Пра гэта ж сведчыць і надпіс на пліце, якая месціцца на выканкаме і цяпер. Цалкам тэкст на пліце выглядае так:
Здесь хранится послание Оршанцам 2019 года от трудящихся гор.Орши, принятое на митинге в день 50-летия БССР и Компартии Белоруссии. Январь 1969 г. Вскрыть 1/1-2019.