Прэмія "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці" будзе ўручацца ўжо 9 раз. Гэта самая прэстыжная ў краіне прэмія якая існуе ў сферы грамадскіх арганізацый. Але аршанскія падзеі рэдка патраплялі ў поле зроку журы прэміі. Толькі ў мінулым годзе ўпершыню ў пяцёрку намінантаў патрапіла кампанія аршанскага моладзевага аб'яднання "Звяз" пад агульнай назвай "Мы Аршанцы - мы Беларусы". Праўда, намінаванне яшчэ не азначае атрыманне самой прэміі. У гэтым годзе журы прэміі разглядала адразу дзве падзеі, якія праходзілі ў Оршы. У так званы лонг-ліст (доўгі спіс са 118 намінантаў з якіх пазней выбіраецца па пяць намінантаў, толькі адзін з якіх у выніку атрымае прэмію) гэтага году зноў патрапіла кампанія АМГА "Звяз" па правядзенні "Турніра па дваровым футболе" ў Оршы. Праўда, у кароткі спіс гэтая кампанія ўжо не патрапіла.
Другая аршанская падзея, якая была заўважана арганізатарамі прэміі - вясновы "Марш неддармаедаў". Разам з пратэстамі ў іншых гарадах, аршанскі "Марш" патрапіў у намінацыю "Рэгіянальная падзея". Раней аршанскія пратэсты патраплялі яшчэ і ў кароткі спіс намінантаў "Знака імя Віктара Івашкевіча", якім узнагароджвае актывістаў Партыя БНФ.
Нагадаем, што вясной гэтага года ў Оршы прайшлі самыя масавыя грамадскія вулічныя пратэсты з 1991 года. На вуліцы супраць "Падатку на дармаедства" выйшла каля тысячы чалавек. Калі параўноўваць колькасць пратэставаўшых з колькасцю жыхароў горада, то гэта была самая масавая акцыя пратэсту ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі.