Нагадаем, што вясной 2017 года ў Оршы адбыліся самыя масавыя вулічныя пратэсты з пачатку 1990-х гадоў. На вуліцы супраць дэкрэта аб дармаедстве выйшла каля 1% насельніцтва Оршы - па розных ацэнках ад 1000 да 1.500 чалавек. Гэтыя пратэсты былі ацэнены, у тым ліку, журы прэміі "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці" ў намінацыі "Рэгіянальная падзея года". Дыплом у гэтай намінацыі атрымалі прадстаўнікі Оршы, Гомеля і Слоніма. Адмыслова зробленую статуэтку прысутныя на ўзнагароджанні вырашылі перадаць у самы маленькі намінаваны горад - Слонім. Дыпломы ж дасталіся ўсім.
На паслянавагоднім паседжанні Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сілаў актывісты вызначылі лёс гэтага дыплому. Улічваючы, што журы намінавала не нейкую асобную грамадскую арганізацыю і не некага з актывістаў, а ўсіх аршанцаў, кааліцыя палічыла, што дыплом павінен быць у кожнага аршанца, які спрычыніўся да вясновых акцыяў пратэсту. Калі вы ўдзельнічалі ў вясновых пратэстах, дапамагалі ў распаўсюдзе інфармацыі пра яго, падтрымлівалі затрыманых і г.д., то і вы можаце атрымаць дыплом "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці". Для гэтага трэба ў любую сераду або суботу прыйсці на вул. Камсамольскую д. 16, кв. 4 у 11-00 і тут яго атрымаць.