У самым паўночным рэгіёне Беларусі пачалі ўборку першага ўраджаю. У гаспадарцы "Цяплічны" Аршанскага раёну саспелі агуркі. У мінулым годзе тут пабудавалі энергазберагальныя цяпліцы, каб вітаміны са сваёй зямлі былі нават у халады. Размешчаная непадалёк электрастанцыя раней ацяпляла толькі пасёлак, зараз гарачая вада дапамагае вырошчваць гародніну і зеляніну. Ураджай небывалы, так ацэньвае яго тэлеканал АНТ. За 30 гадоў існавання цяплічнага камбіната пад Оршай гародніну ўзімку тут прыбіраюць упершыню.
Каб вырасціць ураджай у старых цяпліцах, даводзілася чакаць вясны. Цяпер толькі і паспяваюць расфасоўваць па скрынях агуркі, а за імі і зеляніну. Кропельны паліў, клімат-кантроль, лямпы з інфрачырвоным выпраменьваннем, уласная метэастанцыя. Арганізавалі падачу вуглякіслага газу — ён патрэбен для лепшага росту. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, ураджайнасць вырасла на 50%. Пад дахам — чатыры гектары зямлі. Пабудаваныя цяпліцы па галандскаму праекту, тэхналогіі энергазберагальныя. Ва ўсё ўклалі каля 20 мільёнаў даляраў. Пры нізкіх тэмпературах у памяшканні ствараецца спецыяльны ахоўны купал. Ён дазваляе ўтрымліваць цяпло. Новы комплекс — трэці ў рэгіёне, дзе вырошчваюць гародніну круглы год. Прадпрыемства забяспечыла супрацоўнікаў заробкам у тысячу рублёў, а суседнюю электрастанцыю — дадатковымі аб'ёмамі вытворчасці. Беларуская ДРЭС у апошнія гады працавала фактычна толькі на прыватны сектар пасёлка Арэхаўск. На цяпліцы цяпер прыходзіцца столькі ж энергіі, колькі патрабавалася для 3500 чалавек.
Новы вытворца агульны ўраджай агуркоў у рэгіёне павялічыў на чвэрць. У цяпліцах ўжо пусцілі карані і новыя культуры. Зеляніна крамам (праўда, пакуль прадаюць толькі ў Віцебскай вобласці) патрэбна круглы год. На змену агуркам ў бліжэйшыя месяцы прыйдуць таматы.