Не кожнае злачынства якое здараецца ў нашым рэгіёне патрапляе ў публічныя зводкі міліцыі. Але сваю статыстыку наш РАУС, канешне, вядзе. Нядаўна выконваючы абавязкі намесніка начальніка РАУС Мікалай Валчкоў (пастаяннага начальства ў РАУС да гэтае пары так і не прыначана) распавёў пра гэтую статыстыку на сайце абласнога РАУС.
З тых злачынстваў пра якія сказаў маёр міліцыі, самыя частыя ў нашым рэгіёне - крадзяжы маёмасці з лецішчаў. Прычым, часцей за ўсё крадзяжы гэтыя адбываюцца ў зімовы перыяд, калі ў дачных таварыствах людзі бываюць рэдка. Толькі за частку студзеня новага году ў РАУС ужо было паведамлена пра 3 крадзяжы. У прыватнасці, каля вёскі Сяглава лецішча было абкрадзена на 130 рублёў. А за мінулы год агулам было зафіксавана 62 такіх крадзяжы. Пры тым, што не заўсёды гаспадары лецішчаў паведамляюць пра крадзяжы. Таксама за год было здзейснена 54 крадзяжы з аўтамабіляў - мабільнікі, барсеткі, фотаздымачы, дарагія шапкі, якія ня рэдка гаспадары транспарту пакідаюць на сядзеннях так, што іх бачна злачынцам. А бывае, што і саму машыну забываюць зачыніць.
Частыя ў Оршы і крадзяжы з пад'ездаў. Тут гаспадары на лесвічных пляцоўках часта пакідаюць ровары, санкі, дзіцячыя вазкі і г.д. 53 разы за год злачынцы скарысталіся гэтым.