06:00

-1

8 м/с

977 гПа

09:00

-1

7 м/с

979 гПа

12:00

-0

7 м/с

981 гПа

15:00

+1

7 м/с

981 гПа

18:00

+1

8 м/с

980 гПа

Орша, Культура

Сяржук Доўгушаў: спадзяюся на аншлаг!

29.01.2018 19:37

4233 прагляду, 3 каментара

У Оршы 5-га лютага — прэзентацыя альбома "Дарогі". Orsha.eu напярэдадні канцэрту паразмаўляў са спеваком.

Сяржук Доўгушаў — наш зямляк, спявак з вёскі Тарчылава Аршанскага раёну за кароткі час набыў шырокую вядомасць па ўсёй Беларусі. Найперш запамінальнымі песнямі гурта "Vuraj" і арганізацыяй "Спеўных сходаў". А яго арганізацыя музычнай праграмы на фестывалі "Лепельскі Цмок" зрабіла сапраўдны фурор сярод наведнікаў: разнастайныя гурты, некалькі музычных стыляў, нават малавядомыя калектывы, якія Сяржук Доўгушаў запрасіў на фэст, трымалі ўвагу гледачоў. Цяпер спявак, які некалькі гадоў працаваў у Менску, адпраўляецца працаваць за мяжу, у Варшаву. Але гэта зусім не сведчыць пра тое, што ірвецца сувязь з Беларуссю і народнай музыкай.

Адзінае, на што наракае спадар Доўгушаў, гэта пэўныя цяжкасці з арганізацыяй канцэртаў у Беларусі. А так у голасе Сержука шмат радасці — творчасць яго і баяніста Аляксандра Ясінскага, у тым ліку песні на вершы Анатоля Сыса і Уладзіміра Караткевіча цяпер прагучаць на Радзіме.

— Сяржук, чаму ваш першы з Аляксандрам Ясінскім сумесны альбом "Дарогі" ужо быў прэзентаваны ў Чэхіі і Польшчы, а да Беларусі даязджае толькі цяпер?

— Існуюць пэўныя цяжкасці з узгадненнем канцэртаў, не заўсёды лёгка дамаўляцца, часам занятыя ўсе прыдатныя да канцэрту памяшканні. Гэта адна з асноўных прычынаў, чаму "Дарогі" мы тур па Беларусі адбудзецца пазней за гастролі ў Польшчы і Чэхіі. Адмысловы тур убірае ў сябе некалькі гарадоў Беларусі. Стартуе ён у Оршы, а затым будуць Баранавічы, Берасце, Менск, Віцебск і Магілёў. У Оршы канцэрт адбудзецца ў Дзіцячай школе мастацтваў № 2.

— У якім горадзе вам хацелася выступіць, але не ўдалося знайсці залу?

— На вялікі жаль, не ўдалося дамовіцца з Гародняй, а вельмі хацелася прыехаць з праграмай туды. Так сталася, што ў Віцебску і Магілёве вельмі дапамаглі нашы знаёмыя і сябры, якія знайшлі месцы для правядзення канцэртаў. А вось у Гародні не склалася. У будучыні мы прыедзем спяваць туды, але гэты тур будзе без яе.

— Як ідзе продаж квіткоў і дзе ён паспяховы, а дзе не вельмі?

— Продаж квіткоў пакуль не такі, які хацелася б мець. У Менску гэта звязана, верагодна, з тым, што мы там выступалі зусім нядаўна і людзі, мабыць, да нас прызвычаіліся. У Берасці і Віцебску квіткі каштуюць па 10 рублёў, можа не для кожнага гэта прымальны кошт. Яшчэ адна з прычынаў — рэклама, у нас яна пакуль не самая шырокая, хаця тур набліжаецца. У Оршы, дарэчы, квіток на канцэрт каштуе 4 рублі, значна ніжэй, чым у некаторых іншых гарадах. Думаю, гэта абсалютна пад'ёмная сума. А мы з Аляксандрам Ясінскім, у сваю чаргу, абяцаем для кожнага горада сваю ўнікальную праграму, свой парадак кампазіцый.

— У якіх гарадах вы чакаеце аншлаг?

— Перадусім у Оршы. Невялікая зала школы мастацтваў, спадзяюся, будзе вельмі зручнай для гледачоў. Акрамя таго, мяне ведае тут многа людзей, я сам з Тарчылава, прыедуць мае сваякі адтуль, а таксама сябры і знаёмыя з самой Оршы, з Балбасава. Тым больш на Аршаншчыне я выступаў ужо даўно і часцей прыязджаю проста дамоў, а не з канцэртамі. Таксама чакаем шмат слухачоў у Баранавічах, гэта малая радзіма Аляксандра Ясінскага. Там людзі актыўна купляюць квіткі. Спадзяюся, і ў іншых гарадах залы запоўняцца.

— Канцэрт у Оршы будзе складацца выключна з песень, якія ўвайшлі ў альбом "Дарогі"?

— На нашым выступе ў Оршы будуць два акты. У першым акце слухачоў чакаюць нашы аўтарскія кампазіцыі, народныя песні, а вось у другім акце будуць песні на вершы Анатоля Сыса і Уладзіміра Караткевіча, якія і ўвайшлі ў новы альбом. Частку песень, якія прагучаць у Оршы, я напісаў якраз на Аршаншчыне, з 2011 па 2013 гады, а ў "Дарогах" яны запісаныя разам з Аляксандрам Ясінскім і яго партыямі баяна. Для аршанцаў, я думаю, будзе асабліва важна, што вершы Уладзіміра Караткевіча пакладзеныя на музыку і гучаць на канцэрце.

Афіша канцэрту ў Оршы.

Тур Сержука Доўгушава і Аляксандра Ясінскага з альбомам "Дарогі":

5.02. Орша — Аршанская дзіцячая школа мастацтваў № 2 (праспект Тэкстыльшчыкаў, 1). Уваход 4 рублі. Тэлефоны: +375 (33) 624-88-47, +375 (44) 787-60-38, +375 (29) 269-98-07. Пачатак а 16:00.

6.02. Баранавічы — Баранавіцкі Дзяржаўны Ўніверсітэт (вул. Паркавая, 62). Квіткі па тэлефоне +375 (29) 750-48-80. Пачатак а 19:00.

7.02. Берасце — Берасцейская абласная філармонія (вул. Арджанікідзэ, 14). Квіткі па тэлефонах: +375(162) 95-93-01, +375 (162) 95-93-02. Пачатак а 19:00.

8.02. Менск — Канцэртная зала "Верхні горад" (плошча Свабоды, 23А). Квіткі па тэлефонах 8 (017) 327-39-44, 8 (044) 577-39-24. Пачатак а 19:00.

10.02. Віцебск — Беларускі тэатр "Лялька" (вул.Пушкіна, 2). Уваход 10 рублёў. Квіткі тэлефоне +375 (29) 514-09-63. Пачатак а 19:00.

11.02. Магілёў — Тайм-кафэ "Неба" (вул.Ленінская, 7, 3 паверх). Уваход 8 рублёў (папярэдняя замова)/10 рублёў (у дзень канцэрту). Пачатак а 19:00.

Хто выступоўцы?

Сяржук Доўгушаў (злева) – музыка, этнограф, выкладчык, менеджэр культурніцкіх праектаў. З’яўляецца салістам Беларускай дзяржаўнай філармоніі і лідарам гурта Vuraj. Сяржук – кіраўнік і арганізатар праекта "Спеўны сход".

Аляксандр Ясінскі (справа) – баяніст, кампазітар і педагог. З’яўляецца лаўрэтам шматлікіх беларускіх і міжнародных музычных конкурсаў. Удзельнік гуртоў The Unlimited Trio, "Морф", BosaeSonca, Vuraj. Аляксандр піша музыку да фільмаў і спектакляў.

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Сяржук Доўгушаў: спадзяюся на аншлаг!

У Оршы 5-га лютага — прэзентацыя альбома "Дарогі". Orsha.eu напярэдадні канцэрту паразмаўляў са спеваком.

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение