Абсалютна нелагічныя рашэнні прымае аддзел культуры Оршы. Ідэолагі знайшлі нейкую невядомую крамолу ў тым, што ў горадзе выступяць славуты вакаліст Сяржук Доўгушаў і баяніст Аляксандр Ясінскі. Раней многія музыкі, якім забаранялі выступаць у Оршы, маўчалі аб гэтым, таму мы хоць і склалі “Спіс Святловай”, аднак прадставілі яго далёк не ў поўным аб’ёме, бо не ведаем усіх забаронаў. Цікава пры гэтым, што нават тым калектывам і паасобным артыстам, якія лічылі за лепшае не дзяліцца інфармацыяй з журналістамі, у спадзеве на дазвол канцэрту, усё адно адмаўлялі. У выніку грошы марнаваліся на афішы, рэкламу, дарогу. Некаторыя канцэрты былі адмененыя менш, чым за суткі да выступу ў Оршы.
Цікава, што пра канцэрт з прэзентацыяй альбома “Дарогі” дамаўлялася нават кіраўніцтва Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у якой шмат гадоў працуе Сяржук Доўгушаў. Аднак нават дзяржаўная арганізацыя не здолела прабіць сцяну абсурднай і нічым не абгрунтаванай цэнзуры, збудаваную Ганнай Святловай. Пасля рэзанансу ідэалагічны работнік пачала хавацца ад любых кантактаў з журналістамі, а людзі пачалі скардзіцца на яе ў абласное ўпраўленне па ідэалогіі і іншыя арганізацыі. У курсе дзёрзкіх і безпадстаўных забаронаў з боку Святловай ужо і некаторыя менскія дзяржаўныя арганізацыі.
А затым з’явілася афіша новага канцэрту ў Оршы. 8-га лютага ў Дзіцячай школе мастацтваў № 1 выступіць ансамбль салістаў Белдзяржфілармоніі пад кіраваннем Ігара Іванова. Пачатак а 17:00, квіток 5 рублёў, даведкі па тэлефонах 51-01-45, 51-01-62. Таксама заслужаны з усіх бакоў калектыў, які, безумоўна, павінен выступаць з канцэртамі, у тым ліку і ў Оршы. У дадзенай сітуацыі прэтэнзіі можна выставіць толькі таму ж аддзелу, якім пакуль кіруе спадарыня Святлова. Чаму выкарыстоўваюцца двайныя стандарты?