Хакей з мячом, так званы рускі хакей альбо бэндзі — даўні від спорту, які здаўна культывуецца і на беларускай зямлі. Яшчэ 30-40 гадоў таму ў хакеі з мячом паспяхова выступалі "Тэмп" з Барані і "Старт" з Оршы, якія ўваходзілі ў лік мацнейшых клубаў Беларусі. З таго часу страчана шмат пляцовак, гульцоў, а чэмпіянат Беларусі не праводзіцца.
На высокім узроўні хакей з мячом застаецца хіба ў чатырох краінах свету — Расеі, Швецыі, Фінляндыі і Казахстане. Матчы чэмпіянатаў гэтых краін збіраюць сотні, а часам і тысячы гледачоў, іх зборныя рэгулярна б'юцца за медалі сусветных чэмпіянатаў. У Беларусі ж бэндзі, на жаль, апынуўся ў заняпадзе. Сёлета нават нацыянальная зборная, якая, зрэшты, большай часткай складалася ў апошнія гады з расейскіх гульцоў з нашым спартовым грамадзянствам, не была запрошаная на чэмпіянат свету.
Але прыемна адзначыць, што ў розных кутках краіны застаюцца энтузіясты, якія працягваюць гуляць у папулярную некалі гульню. У Барані ў канцы студзеня адбыліся адразу два турніры па рускім хакеі, фотаздымкі з якіх публікуе сайт ФСК "Орша". Спярша адбыўся турнір паміж камандамі аздараўленчых групаў. Гэта "Тэхніка сувязі", "Тэмп", "Дарога" і "Фаварыт". Перамогу ў турніры святкаваў "Тэмп", на другім месцы аказаўся "Фаварыт", а "Дарога" замкнула тройку.
Затым на хакейнай каробцы стадыёна "Алімпіец" у Барані быў разыграны Кубак ФСК "Орша" па хакеі з мячом. Склад удзельнікаў турніру быў практычна тым жа, толькі замест "Фаварыта" гуляў "Старт". Уладальнікам Кубка стала "Дарога", а "Старт" з "Тэмпам" падзялілі 2-е месца.
Абодва турніры ў якасці галоўнага суддзі абслугоўваў Вадзім Міхайлавіч Чарняўскі.