Адкрытае акцыянернае таварыства “Аршанскі інструментальны завод” мае план разгрузіць свае запоўненыя склады. У твітэры завод абвесціў распродаж складскіх запасаў металарэжучага інструмента, а таксама станочнай аснасткі. Гэта прадукцыя ўласнай вытворчасці, вырабленая, але так і не прададзеная ў мінулыя гады. Завод знізіў кошты на прадукцыю, некаторыя інструменты на прадпрыемстве гатовыя прадаць са зніжкай у 50%.
У 2017 годзе шмат гаварылася пра мадэрнізацыю вытворчасці на Інструментальным заводзе, лёсам прадпрыемства цікавіўся асабіста прэм’ер-міністр краіны Андрэй Кабякоў. Але ў лістападзе стала вядома, што планы ўлады істотна змяніліся і выкліканыя яны, хутчэй за ўсё, праблемамі з бюджэтам. Інструментальнаму ў Оршы будзе вылучана сума ў тры разы меншая за агучаную адпачатна ў красавіку. Замест 62 мільёнаў даляраў завод атрымае толькі 24 мільёны. Гэтыя сродкі пойдуць на набыццё каля 80 адзінак новага абсталявання і рамонт існуючага вытворчага корпуса (а раней гаварылася пра магчымасць будаўніцтва новага корпуса).