Аршанскім міжраённым камітэтам дзяржаўнага кантролю ў ходзе маніторынгу вывучана пытанне арганізацыі і правядзення капітальнага рамонту жыллёвага фонду ў Оршы і Аршанскім раёне. Устаноўлена, што ў выніку неналежнай арганізацыі работ камунальным унітарным прадпрыемствам «Оршакамгас» на працягу апошніх гадоў сістэматычна не выконваліся бягучыя графікі капітальнага рамонту жыллёвага фонду. Выдзеленыя прадпрыемству на гэтыя мэты сродкі ў поўным аб'ёме не асвойваліся. Тэрміны завяршэння рамонту пераносіліся з месяца ў месяц, з квартала ў квартал, з году ў год, што выклікала абгрунтаваныя скаргі грамадзян. Дапушчалася адцягненне сродкаў на мэты, якія не адпавядаюць названым пры іх выдзяленні.
Вынікі маніторынгу сталі прадметам разгляду ў Аршанскім райвыканкаме, пішуць "Віцьбічы". За невыкананне бягучага графіку капітальнага рамонту жыллёвага фонду, перавышэнне нарматыўных тэрмінаў іх правядзення, нямэтавае выкарыстанне сродкаў службовыя асобы КУП «Оршакамгас» прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Аддзелам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аршанскага райвыканкама пытанне выканання графіка капітальнага рамонту у 2018 годзе узяты на жорсткі кантроль. Вызначаны тэрміны аднаўлення сродкаў, выкарыстаных не па мэтавым прызначэнні. Прынята рашэнне аб акумулявання на спецыяльным рахунку Аршанскага райвыканкама разам са сродкамі адлічэнняў насельніцтва адлічэнняў на капітальны рамонт уласнікаў жылых памяшканняў, пераведзеных у нежылыя.