Хаця ў нашым горадзе не асабліва заўважна падрыхтоўка да святкавання 100-гадовага юбілею абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі, насамрэч, аршанскія актывісты актыўна задзейнічаны ў арганізацыі святкаванняў у розных іншых гарадах краіны. Напрыклад, ураджэнец аршаншчыны Сяржук Доўгушаў 20-га сакавіка правёў у Мінску чарговы "Спеўны сход" на якім прысутныя спявалі разам песні і гімны часоў абвяшчэння БНР.
А ў сталіцы Літвы з удзелам аршанцаў адкрылася вялікая вулічная фотавыстава "За нашы і Вашы-100!". Выстава створана на аснове фотаздымкаў са святкавання Дня Волі ў 1998 годзе (80-годдзе абвяшчэння незалежнасці дзяржавы). Куратары выставы Алена Танкачова і аршанская пісьменніца Паліна Сцепаненка, мантавалі выставу Крысціна Балаховіч і ўраджэнка Оршы беларуска-ізраільская мастачка Таццяна Тур. Выстава экспануецца на адной з вуліцаў Рэспублікі Ужупіс (абвешчаная мастакамі незалежная краіна, якая знаходзіцца ў адным з раёнаў Вільнюса) з 17 сакавіка па 2 красавіка. Назва выставы прадыктавана тым, што Літва сваю нехалежнасць абвесціла амаль адначасова з Беларуссю.
Сама Орша таксама не абдзеліць увагай юбілейную дату. Плануецца, што ў горадзе 25 сакавіка пройдзе святочная вечарына з нагоды Дня Волі, нядаўна дэмакратычныя арганізацыі падалі заяўку з просьбай выдзеліць для святкавання памяшканне. Калі ж памяшканне ўлады зноў не дадуць, то мерапрыемства пройдзе на адным з офісаў грамадскіх арганізацый.
На фота: мантаж выставы ў Вільне. Фота Таццяны Тур