Рамонт на вуліцы Караткевіча ідзе поўным ходам. Канешне, у сувязі з рамонтам на дарозе выстаўлены знакі часовага абмежавання хуткасці аўтамабільнага руху. Але не сакрэт, што не ўсе кіроўцы звяртаюць на знакі ўвагу, асабліва калі здаецца, што едзеш адзін і нікога іншага на дарозе няма.
Падобна на тое, што так адбылося і ў ноч з 12 на 13 мая на названай вуліцы, прынамсі, пра гэта гавораць мясцовыя жыхары. Тут і без рамонту дарогі, вуліца робіць даволі круты паварот каля радзільнага дома і раней ужо былі аварыі менавіта на гэтым павароце. Але ў дадзеным выпадку мясцовыя жыхары адзначаюць, што аўтамабіль ехаў яшчэ і на даволі вялікай хуткасці. Таму ён не толькі выляцеў з дарогі, але заскочыў на высокі тратуар ды яшчэ і ўехаў у плот, ад чаго той значна пацярпеў. Хаця аварыя адбылася яшчэ на выходных, афіцыйнай інфармацыі пра яе пакуль не апублікавана.