Па нашай інфармацыі, Ганна Святлова была знята з пасады начальніка аддзела культуры, ідэалогіі і па справах моладзі (так афіцыйна называўся гэты аддзел) яшчэ на мінулым тыдні. Але да гэтае пары афіцыйнага паведамлення пра гэтую кадравую змену так і не з'явілася. Больш за тое, на сайце Аршанскага раёвыканкаму на выходных яна яшчэ была запісана як начальнік аддзелу.
На сёняшні дзень, імёны на сайце райвыканкаму зменены. Так, цяпер узначальвае аддзел культуры выконваючы абавязкі начальніка Сяргей Дзмітрыевіч Гарбачоў. Але пры гэтым, старонка аддзела культуры аказалася аддзеленай ад старонкі аддзела ідэалогіі і па справах моладзі. Ці азначае гэта што цяпер гэтыя аддзелы зноў працуюць асобна - не паведамляецца. Нагадаем, што ў свой час культура, ідэалогія і аддзел моладзі працавалі як тры асобных падраздзяленні. Пазней іх усе аб'ядналі з мэтай скарачэння чыноўнічых кадраў.
Начальніцай аддзела ідэалогіі і па справах моладзі ўказана Алена Фёдараўна Русакова. Яна была намесніцай Ганны Святловай, а да тае пары ўзначальвала аддзел ідэалогіі гарвыканкаму (да аб'яднання з раёнам), яшчэ раней працавала ў СШ №3.