Дзяржкантроль - структура, якая мусіць правяраць і кантраляваць усе сферы ў краіне. Міністэрства прамысловасці - адна са структураў, якая мусіць выконваць праграму "пад'ёма з руінаў і попелу". У сувязі з гэтай праграмай паміж ведамствамі ўзнікла рознагалоссе. Так, 16 чэрвеня газета "СБ-Беларусь сегодня" апублікавала меркаванне кіраўніка Дзяржкантролю Леаніда Анісімава пра тое, што "прарывам зробленыя крокі назваць не магчыма". Так, ён звярнуў увагу, што на Інструментальным заводзе з 400 станкоў амаль усе патрабуюць замены (пакуль паведамлялася пра мадэрнізацыю 4 з іх). Заўважыў ён і іншыя недапрацоўкі з якіх і зрабіў сваю несуцяшальную выснову.
Адразу ж на наступны дзень Мінпрам таксама выступіў у СМІ са сваёй версіяй "прарыва". У адрозненні ад кіраўніка кантрольнага органа, Міністар прамысловасці Віталь Вовк бачыць больш пазітыва, хаця і ўстрымаўся ад высноваў. Рэпартаж з яго меркаваннем выйшаў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1". У прыватнасці з пазітыўных справаў міністар адзначыў створаныя бізнэс-планы, у прыватнасці, для інструментальнага завода, якія ўжо прайшлі ўсе ўзгадненні. Зараз скончваюцца абвяшчэнні тэндэраў на закупку абсталявання, якое будзе закуплена толькі праз паўгады, або, нават, праз паўтары. Паралельна ідзе аптымізацыя "некаторых бізнэс-працэсаў", а інструментальны атрымаў партфель заказаў на 6-7 месяцаў. "ПАК" таксама атрымаў пакет заказаў, але - заўважае міністар - персанал на заводзе развучыўся працаваць. Гэтае пытанне міністэрства плануе вырашаць разам з Міністэрствам адукацыі.