Саюз беларускіх пісьменнікаў апублікаваў лонг-ліст штогадовай прэміі Гедройца з 32 прозвішчаў. Упершыню ў спіс аднаго года патрапілі адразу тры ўраджэнцы Аршаншчыны.
Гэта Зміцер Дзядзенка з кнігай "Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя". Гэта дэтэктыў дзянне якога адбываецца ў 1920-я гады ў Оршы. Зьміцер не аднойчы звяртаўся да тэмы гісторыі Аршаншчыны. Першая яго кніга была прысвечаная шляхце нашага рэгіёна, але гэта быў дакументальны твор. Некалькі год Дзядзенка паспяхова займаецца мастацкай літаратурай і ўжо другі раз прэтэндуе на атрыманне прэміі Гедройца.
Два другіх прэтэндэнты - Павал і Ганна Севярынец. Для Ганны гэта першая мастацкая кніга - аўтарка была больш вядомая як літаратурны крытык. У адрозненні ад Дзядзенкі, які пісаў пра мінулае, Ганна напісала пра будучыню.
Павал Севярынец з кнігай "Беларусалім" таксама дэбютаваў у мастацкай літаратуры, хаця за плячамі ўжо з дзясятак кнігаў публіцыстыкі і дакументалістыкі. Павал у "Беларусаліме" піша пра сучаснасць. Гэта толькі першая частка трылогіі. Па словах Севярынца, у другім томе шмат падзеяў будуць разгортвацца ў Оршы, але ў першым томе наш горад не ўзгадваецца.