Ужо амаль месяц трывае варта палітычных актывістаў і неабыякавых грамадзян у ахоўнай зоне Курапатаў, якую дзіўным чынам зменшылі, дазволіўшы там пабудову забаўляльнай установы, рэстарацыі «Паедзем паядзім». Актывісты блакуюць праезд на тэрыторыю рэстарацыі аўтамабіляў персаналу і наведнікаў, раздаюць кіроўцам і мінакам інфармацыю пра трагічную гісторыю Курапатаў, пра расстрэлы ў гэтым месцы. Супраць «рэстарацыі на касцях» выказаліся і дзясяткі вядомых людзей. Сярод іх і ўдзельнік сямі Алімпійскіх гульняў, лыжнік з Оршы Сяргей Далідовіч.
У інтэрв`ю «Радыё Свабода» Далідовіч заявіў, што ў такую рэстарацыю, якая знаходзіцца ў настолькі важным месцы, ні за што не паедзе.
Вядома, у кожнага свой выбар, але чым больш народу дазнаецца пра расстрэлы, тым меней застанецца наведнікаў. Хіба выпадковыя транзытнікі завернуць, якія нічога толкам ня ведаюць, убачыўшы шыльду пры кальцавой. Прынамсі, я туды дакладна не паеду бавіць час, весяліцца. Было б як мінімум не па сабе.