З заявай пра крадзёж гарачай вады звярнуўся Аляксандар Мухін. Ноччу ён захацеў прыняць гарачую ванну, але з крану гарачай вады ішла толькі халодная. Каля трох кубоў вады выліў Аляксандар чакаючы гарачую, і палічыў гэта несумленнасцю камунальшчыкаў - лічыльнік вады круціўся і, адпаведна, заплаціць давядзецца як за гарачую, хаця тэіпература была не больш за 25 градусаў.
Не дачакаўшыся гарачай ванны, Аляксандар пачаў званіць у дзяржаўныя службы, у тым ліку і ў міліцыю. На выклік з'явіўся міліцыянт, каб зафіксаваць факт здарэння. Але не адзін, а ў суправаджэнні трох санітараў псіхіятрычнай брыгады. Не зважаючы на прысутнасць медычных работнікаў, міліцыянт прыняў заяву аб крадзяжы з крану гарачай вады і патлумачыў, што, аказваецца, пасля 12 ночы гарачую ваду ў кватэры не пастаўляюць у мэтах эканоміі. Санітары, паслухаўшы Аляксандра, з разуменнем сыйшлі.
Варта адзначыць, што ў свой час Аляксандар Мухін ужо патрапляў у псіхіятрычную лякарню на тры дні ў даволі падобнай сітуацыі пасля звароту ў міліцыю. Тады ён не толькі змог даказаць у суде сваё псіхіятрычнае здароўе, але і адсудзіць за маральныя страты ў дзяржавы даволі вялікую грашовую кампенсацыю за прымусовае змяшчэнне ў лякарню. І аршанскі, і віцебскі суды тады прызналі яго рацыю.