Апошнім часам краязнаўчыя кнігі пра Аршаншчыну выходзяць даволі рэдка. А кнігі, якія распавядалі б гісторыю нейкай адной сям'і і на ўзроўні краіны рэдкая з'ява. Тым больш цікавым выглядае выданне, якое на днях пабачыла свет - "Гісторыя рода Каменскіх". Аўтар кнігі, ураджэнец Аршаншчыны Ігар Станкевіч, які 20 гадоў прысвяціў вывучэнню свайго рода.
Праз гісторыю гэтага аднаго рода можна пабачыць гісторыю Аршаншчыны, гісторыю аршанскай шляхты, гісторыю палякаў у Оршы (Каменскія першапачаткова лічылі сябе палякамі), а таксама зразумець некаторыя падзеі на Аршаншчыне з пункту гледжання чалавека, а не глабальных працэсаў. Але распавядае кніга і пра асобных вядомых дзеячаў рода. Напрыклад, Фульгенцій Каменскі быў паэтам і паўстанцам Касцюшкі. Мечыслаў Караль Каменскі - паўстанец Каліноўскага. Людзвіг-Ян Каменскі - таксама паўстанец, але яшчэ і віцэ-губернатар Мінска.
А найбольш яскрава кніга перадае перыяд сталінскіх рэпрэсіяў, у якіх род Каменскіх зазнаў каласальныя страты. У хуткім часе кніга будзе даступная для бясплатнага пампавання ў электронным выглядзе, а ў Оршы пройдзе яе прэзентацыя.