Пра тое паўстанне, якое ўчынілі левыя эсэры ў Оршы 6 жніўня 1918 года інфармацыі публікуецца не шмат. Даследчыкі чамусці мала цікавяцца тымі падзеямі, хаця яны мелі сур'ёзныя наступствы. У прыватнасці, менавіта пасля аршанскага мяцежа левыя эсэры падпалі пад бальшавісцкія рэпрэсіі.
Адным з нямногіх зацікавіўшыхся стаў Юрый Глушакоў - аўтар артыкула на tut.by. Ён апісвае тыя падзеі не так як гэта бывала звычайна. Бо арыентуецца на архіўныя матэр'ялы, тады як раней пра паўстанне пісалі пераважна паводле ангажаванага камандзіра аднаго з вайсковых падраздзяленняў Даўбэ, які апісваючы тыя падзеі імкнецца выставіць сябе героем, а эсэраў небяспечнымі змоўшчыкамі. Артыкул Глушакова, як раз і апісвае падзеі меньш гераічна. Таксама каштоўна, што Глушакоў кранае біяграфію Іосіфа Буевіча - кіраўніка паўстанцаў, які ў будучым стаў старшынём аршанскага Савету - па-сутнасці, адным з першых мэраў горада пасля рэвалюцыі. Мала аршанцаў ведаюць яго біяграфію, а, аказваецца, яна цікавая і магла б стаць сюжэтам для прыгодніцкага раману: ранняе далучэнне да рэвалюцыйнай партыі, арышт і ссылка, палітычная эміграцыя, новы арышт ужо за мяжой, потым падарожжы па Еўропе і Амерыцы, новы арышт, мяцеж, пасада мэра і г.д. Ці можа які яшчэ кіраўнік Оршы пахваліцца такімі прыгодамі?
Артыкул не толькі кранае тэму, якая рэдка з'ўляецца на старонках прэсы, ён важны для аршанцаў яшчэ і тым, што дакладна апісвае агульную сітуацыю ў рэгіёне ў 1918 годзе: кантрабанда, крымінал, хабарніцтва і г.д. Цалкам артыкул можна прачытаць па дадзенай спасылцы.
На фота: вайскоўцы, якія, відавочна, удзельнічалі ў антыбальшавіцкім мяцежы.