Не зважаючя на ўсе "гандлёвыя войны" значная частка малочнай прадукцыі ў Расіі ўсё яшчэ пастаўляюць нашыя вытворцы. Пры гэтым, упершыню расейскія эксперты вырашылі скласці рэйтынг самых паспяховых вытворцаў малака нашай краіны. Эксперты ацэньвалі даход прадпрыемстваў па стане на канец 2017 года ў пераліку на даляры ЗША.
На першым месцы апынулася прыватнае брэсцкае прадпрыемства "Савушкін прадукт". А з бліжэйшых да нас прадпрыемстваў у рэйтынгу 20 лепшых апынуліся толькі "Малочныя горкі". Горацкі завод, прадукцыю якога можна знайсці і ў Оршы, з 59 мільёнамі даляраў даходу апынуўся на 20 месцы рэйтынгу. Як адзначаюць расейскія эксперты, завод можа перапрацоўваць 400 тонаў малака ў суткі, 60% прадукцыі адпраўляе на экспарт, на ім працуе больш за 500 чалавек і менавіта "Малочныя горкі" фармуюць 85% ВУП Горацкага раёна. Такія высокія паказчыкі Горкам атрымалася дасягнуць пасля мадэрнізацыі, якая прайшла 5 год таму. Дзякуючы мадэрнізацыі, прадпрыемства павялічыла свой прыбытак амаль у 14 разоў.
На 14 месцы рэйтынгу апынулася прадпрыемства "Малако" з Віцебску. Пры тым, што прадукцыю гэтага прадпрыемства вырабляюць і ў суседнім Сянно. А нядаўна "Малако" пачало вырабляць сыры ў Лёзненскім раёне.
А на 4 месцы рэйтынгу Danon Беларусь, які вырабляе прадукцыю ў тым ліку і ў Шклове. Цалкам азнаёміцца з рэйтынгам можна тут.