На адрас Аршанскага Савету дэпутатаў і райвыканкаму прыйшоў ліст з шэрагам прапановаў ад сябраў нацыянальнага камітэту па святкаванні юбілею Бітвы пад Оршай.
Прыводзім тэкст ліста цалкам:
На сесію Аршанскага раённага Савета дэпутатаў, Старшыні Аршанскага раённага Савета дэпутатаў сп. Кошкіну С. Дзм., Старшыні Аршанскага раённага выканаўчага камітэта сп. Лісоўскаму М. В.
Шаноўны Станіслаў Дзмітрыевіч! Шаноўны Мікалай Віктаравіч! Паважаныя дэпутаты ! 8 верасьня 2014 года спаўняецца 500 гадоў Вялікай перамогі беларускага войска над Масквой пад Воршай. Гэтая перамога на шмат гадоў аблегчыла лёс ВКЛ і прадухіліла поўную акупацыю нашай Айчыны і зьнішчэнне нашага народа, нашага этнасу, нашай культуры. Былі падарваныя намеры стварэння хаўрусу паміж Масквой і Сьвяшчэннай Рымскай імперыяй Нямецкай нацыі, мэтай якога было расчляненне і зьнішчэнне ВКЛ і Польшчы.
Бітва пад Воршай стаіць у шэрагу такіх пераможных бітваў, як разгром ворагаў нашага гаспадарства – Вялікага Княства Літоўскага на Сініх Водах і вызваленне Украіны ад татарскага ярма (1362 г.), пад Грунвальдам (1410 г.), пад Улай (1564 г.), пад Кірхгольмам (1605 г.).
Аршанская перамога над войскам Маскоўскай дзяржавы была па ўсіх паказьніках бліскучай. 30-тысячная армія ВКЛ цалкам разграміла 80-тысячнае войска Маскоўскай дзяржавы. 40 тысячаў маскоўцаў было забіта, узята ў палон 5 тысячаў баярскіх дзяцей і іншых ваяўнікоў, у тым ліку 10 вайскаводцаў, сярод іх і два вышэйшыя ваяводы – Іван Чаляднін і Міхаіл Булгакаў-Голіца. Безумоўна, гэтая перамога паказала, што ў 1514г. беларускае шляхецкае войска было выдатна падрыхтаванае, бліскуча сябе паказала артылерыя, якая фактычна стала асноўным фактарам перамогі. Але галоўную ролю, безумоўна, адыграў Найвышэйшы гетман ВКЛ князь Канстанцін Астрожскі, яго вайсковы талент, стратэгія і тактыка вядзення ваенных дзеянняў. Канстанцін Астрожскі на свае сродкі ўтрымліваў прыватнае войска, ён меў 63 перамогі над маскоўцамі і татарамі. Усё ягонае жыццё – гэта безумоўнае і самаадданае служэнне Айчыне.
Прымаючы пад увагу гераічны чын гэтага рыцара Беларусі-ВКЛ, прапануем годна ўвекавечыць памяць К. Астрожскага і Вялікай Перамогі пад Воршай, а менавіта:
1. Вуліцу Леніна ў горадзе назваць праспектам Канстанціна Астрожскага.
2. Плошчу, на якой стаіць помнік Леніну, назваць плошчай Аршанскай Перамогі і на гэтай плошчы закласьці і ўзьвесьці помнік К. Астрожскаму (помнік Леніну прыбраць з плошчы).
3. Вуліцы К. Маркса надаць імя Юрыя Радзівіла – героя Аршанскай бітвы.
4. Вуліцы Савецкай надаць імя Івана Сапегі – героя Аршанскай бітвы.
5. На гэтых прасьпекце і вуліцах усталяваць мемарыяльныя дошкі з інфармацыяй пра герояў.
З павагай і надзеяй,
Анатоль Грыцкевіч, старшыня Аргкамітэта, доктар гістарычных навук, прафесар
Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафесар
Аляксандр Краўцэвіч, намесьнік старшыні Аргкамітэта, доктар гістарычных навук, прафесар
Мікола Купава, намесьнік старшыні Аргкамітэта, сябра Беларускага саюза мастакоў
Юрась Бохан, доктар гістарычных навук
Міхась Гурын, доктар гістарычных навук, прафесар
Алесь Жучкоў, намесьнік старшыні Аргкамітэта, палітолаг
Андрэй Мельнікаў, намесьнік старшыні Аргкамітэта
Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ
Юрась Губарэвіч, першы намесьнік старшыні Руху “За Свабоду”
Валеры Герасімаў, сябра Рады ЗБС “Бацькаўшчына”
Усевалад Сьцебурака, памочнік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў
Мінск