У Галерэі Грамыкі ў Оршы адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай гадавіне з дня смерці вядомага мастака Сяргея Фомчанкі. На ёй выстаўлены карціны з фондавых сходаў Музейнага комплексу. Афіцыйнае адкрыццё адбылося 27 кастрычніка ў 13.00.
Фомчанка Сяргей Пятровіч нарадзіўся ў 1958 годзе ў Оршы. Вучыўся на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута. У 1987 годзе ўступіў у Аршанскую суполку мастакоў "Рэнесанс", быў старшынёй гэтага творчага аб'яднання і з'яўляўся адным з найстарэйшых сябраў "Рэнесансу". Працаваў Сяргей Пятровіч на Аршанскім ільнокамбінаце, а апошнім часам мастаком-афарміцелем Палаца культуры ільнокамбіната. Ён заўсёды ганарыўся тым, што ён карэнны аршанец, што нарадзіўся тут і жыў. Мастак распавядаў, што яго сваякі жывуць у Оршы з 1800 года, а яго дзядзька Пётр Міхайлавіч Раманоўскі быў вядомым мастаком. Сяргей Фомчанка працаваў у тэхніцы алейнага жывапісу і прымаў удзел у многіх выставах. Яго работы знаходзяцца ў фондах Віцебскага абласнога мастацкага музея, Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны, у прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой, — паведамляе прэс-рэліз Галерэі Грамыкі.
Жыццё кароткае, мастацтва вечнае... Мастак, творца памірае, а плады яго рук, тварэння яго духу, розуму, мастацтва жывуць вечна, і тым самым яны захоўваюць памяць і нагадваюць пра чалавека, іх стварыў. Кожны майстар жыве ў сваіх працах. Выстава памяці Фомчанкі — гэта памяць пра мастака, які ўслаўляў свой горад і край з дапамогай мастацтва і стаў прадаўжальнікам багатых мастацкіх традыцый Аршаншчыны.
Наведвальнікам будзе прадстаўлена больш за 40 работ. Творы выкананы ва ўнікальнай тэхніцы жывапісу алеем, якой майстар валодае дасканала.
Час працы: аўторак-нядзеля, з 10:00 да 18:00. Кантактныя тэлефоны: +375216563750; (МТС) 375.298.999.834. Наталля Качанава.