У Оршы знаходзіцца ці не самы позні помнік Леніну на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Праз некалькі гадоў пасля яго ўсталявання на Цэнтральнай плошчы горада ў Рызе, Таліне і іншых гарадах помнікі бальшавісцкаму правадыру пачалі ўжо зносіць, а пасля Рэвалюцыі Годнасці ва Украіне і там помнікі Уладзіміру Ульянаву (Леніну) паляцелі долу. У Беларусі па-ранейшаму святкуецца 7-га лістапада, а помнікі Леніну ёсць практычна ва ўсіх гарадах і мястэчках. Але нават пры гэтым колькасць помнікаў бальшавіцкаму правадыру за 27 гадоў зменшылася на траціну. Але ў Оршы цэлых два помнікі — на Цэнтральнай плошчы і на плошчы Лёнакамбіната. І ў дадатак яшчэ бюст побач з дырэкцыяй чыгуначнага дэпо.
Тэлеканал "Белсат" у адмысловым матэрыяле на сваім сайце прапанаваў асобаў, якія ніякім чынам не былі ўшанаваныя ў Беларусі. У гарадах і мястэчках журналісты адшукалі славутых нараджэнцаў гэтай мясцовасці, якія засталіся забытымі цяперашняй уладай, а замест таго, каб памятаць іх імёны ўлады мыюць на бальшавіцкія святы помнікі Леніну, які ў Беларусі бываў толькі праездам і да большасці гарадоў і мястэчак не мае ніякага дачынення. У Оршы журналісты, напрыклад, прапанавалі ўсталяваць манумент у гонар Льва Пятровіча Мацкевіча.
Леў Мацкевіч (1903-1968) — беларускі архітэктар, які нарадзіўся ў Оршы. Скончыў у 1936 годзе Маскоўскі архітэктурны інстытут. 3 1945 на Беларусі: у 1945—1948 гадах намеснік начальніка Упраўлення па справах архітэктуры пры СМ БССР у Мінску, з 1948 года галоўны архітэктар Мінска і нач. Упраўлення па справах будаўніцтва і архітэктуры Мінгарвыканкама. 3 1962 года выкладчык БПІ, дацэнт. Асноўныя работы: генплан Масквы (1935, у сааўтарстве), праекты забудовы 1-й Мяшчанскай вуліцы і плошчаў Яраслаўскай і Краснаваротскай (1937—1939, кіраўнік брыгады), адміністрацыйнага будынка інстытута «Электрахіммет» (1936—1937, у сааўт.) у Маскве; генплан цэнтральнай сядзібы саўгаса «Культура» Разанскай вобласці (1940—1941), генпланы Оршы (1946), Полацка (1946—1947); праекты забудовы плошчаў Леніна (цяпер пл. Незалежнасці) і Я.Коласа, праспекта Ф.Скарыны (1947—1951), забудовы праспекта Машэрава (1954), вул. Маскоўскай (1948), Цэнтральнай пл. (цяпер пл. Кастрычніцкая; 1950—1955), праекты дэталёвай планіроўкі Мінска (да 2000 года), забудовы 2 кварталаў па вул. Даўгабродскай (1954—1955, усе ў сааўтарстве) у Менску. У 1958—1961 гадах старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі.