1 студзеня ў Оршы мусяць адкрыць “капсулу часу”, закладзеную ў 1969 годзе. Пра гэта напісаў наш сайт. Дата, калі пасланне, складзенае 50 гадоў таму, мусіць быць вынятае з падмуркаў будынка райвыканкама, выбітая тут жа на памятнай шыльдзе. Але аршанскія ўлады збіраюцца парушыць запавет камуністычных продкаў і адкрыць капсулу ўлетку — на дзень горада. У райвыканкаме Еўрарадыё супакойваюць: у 2019-м капсулу дакладна адкрыюць. Але калі?
“Не магу вам адказаць на гэтае пытанне, — кажа Еўрарадыё начальнік аддзела ідэалогіі і па справах моладзі Алена Русакова. — Пытанне яшчэ разглядаецца. Адкрываць, вядома, будзем, але, калі, каб гэта было масава, святочна, — пытанне прапрацоўваецца. Плануецца нарада”. БССР была абвешчаная ў Смаленску 1 студзеня 1919 года. У студзені 1969 годзе Орша разам з усёй рэспублікай адзначала 50-годдзе ўтварэння БССР. Тады ж было складзенае пасланне нашчадкам.
Тым не менш, перанос адкрыцця капсулы з 1 студзеня на любы іншы дзень азначае не толькі тое, што аршанскія чыноўнікі страшна не хочуць пазбаўляцца выходнага, але і сведчыць пра парушэнне запавету сваіх папярэднікаў з 1969 года.