Новыя крамы адкрыліся ў Оршы на Прывакзальнай плошчы па вуліцы Дзяржынскага. Так у гандлёвым павільёнчыку па адрасе Дзяржынскага 12, ў якім раней была кавярня, адкрыўся фірмовы гандаль шклоўскага сельскагаспадарчага прадпрыемства "Александрыйскае". Хаця "Александрыйскае" і знаходзіцца побач з Аршанскім раёнам і, нават, шмат аршанцаў працуюць на прадпрыемстве, гэта ўсяго толькі другая гандлёвая кропка акцыянернага таварыства ў нашым горадзе (першае знаходзіцца на Цэнтральным рынку). У маленькім павільёньчыку крамка заняла не ўсю плошчу, а толькі палову - у другой палове былой кавярні адчынілася крама аднаго кошту - усе тавары па 2,50. Купіць тут можна розную гаспадарчую драбязу.
Аднавіўся гандаль і ў былой кавярні "Спатканне". Кавярня была зачынена некалькі год таму і пасля таго тут адчыніўся гандаль вопраткай, які таксама быў спынены. Цяпер крама "Спатканне" прапануе не толькі вопратку, але і іншыя прамысловыя тавары для дома.
ДОРОРС, які даўно быў гандлёвым манапалістам у гэтым раёне, спрабуе не адставаць ад канкурэнтаў. Другая харчовая крама на Прывакзальнай "Начны экспрэс" адчыніла свае дзверы пасля рамонту. Асартымент застаўся ранейшым, але цяпер крама працуе па сістэме самаабслугоўвання, за кошт чаго пашырыла гандлёвую плошчу.