Галоўнай і найпапулярнейшай навіной сакавіка 2018 года стала вестка пра масавыя праверкі ў аршанскіх гандлёвых цэнтрах і лядовай арэне. Па выніках праверак ратавальныя службы выявілі шэраг парушэнняў патрабаванняў пажарнай бяспекі.
Былы старшыня раённай міліцыі Анатоль Сільчанка ў гэтым месяцы стаў старшынём Савета дэпутатаў. Дагэтуль пасля сыходу на міліцэйскую пенсію Сільчанка нядоўга ўзначальваў гатэль "Орша". У футбольнага клуба "Орша" ў гэтым месяцы ненадоўга з'явіўся афіцыйны сайт. Гэта была ініцыятыва галоўнага трэнера Вячаслава Акшаева, але адразу пасля яго сыходу з каманды ў жніўні сайт спыніў працу і знік. У канцы месяца жыхар вёскі Хімінічы парэзаў супрацоўніка міліцыі Барані. Мужчыну шукалі па падазрэнні ў падпале, а той пры затрыманні нанёс некалькі нажавых раненняў міліцыянту і спрабаваў уцячы. Праз 4 гадзіны падазраванага затрымалі ў раёне чыгуначнага пераезду вёскі Дзятлава. Пры сабе ў яго меліся два нажы.
У міжнародны жаночы дзень на вуліцы Гвардзейскай у Оршы трагічна загінула жанчына. Яна стала ахвярай пажару.
Нарэшце, пра цікавостку месяца. Аршанскі краязнаўца Эдуард Навагонскі стварыў фотагалерэю пра тое як змянілася Орша за 77 год пасля ІІ Сусветнай вайны.