У нашых краях існуе традыцыя купацца ў халоднай вадзе на праваслаўнае Хрышчэнне Хрыстова. З-за небяспекі такіх купанняў, ужо даўно яны праходзяць арганізавана пад наглядам ратавальнікаў (сёння таварыства ратавальнікаў на водах уваходзіць у сістэму МНС) і пры ўдзеле святара, які асвячае ваду ў адмыслова выразанай палонцы. Не выключэнне і гэты год. На гэты раз (як і ў папярэднія гады) рэлігійнае купанне адбудзецца побач са станцыяй ратавальнікаў на Дняпры. Найпрасцей падыйсці да яе праз вуліцу Караткевіча. Арганізавана акунуцца ў палонку можна будзе 19 студзеня ў суботу з 15-00 да 16-00.
Пры гэтым варта ведаць некаторыя правілы бяспекі пры такім купанні. Напрыклад, нельга акунацца выпіўшы алкаголь - раслаблены алкаголем арганізм уключае экстраныя сістэмы пры рэзкім ахалоджванні з-за чаго можа спыніцца сэрца. Нельга акунацца з галавой - калі мазжачок адчуе залішні холад, ён запусціць у арганізме не зваротныя працэсы. Не варта надоўга засіджвацца ў вадзе - пераахалоджванне арганізма, як не варта і доўга стаяць распранутым на беразе - хутка акунуліся і хутка апрануліся.
Дарэчы, сіноптыкі прагназуюць на заўтрашні дзень мінус 4-6 градусаў (раніцай і вечарам халадней), таму варта разумець, што гэта не летняе купанне і папляскацца ў вадзе доўга не атрымаецца.