21 студзеня ў РУУС Аршанскага райвыканкама звярнулася пенсіянерка. Яна заявіла, што невядомы злачынца, разбіўшы шыбу, пракраўся ў яе дачны дом, размешчаны ў вёсцы Ніжняя Веравойша і скраў алейны абагравальнік, будаўнічыя матэрыялы і інструменты, прыхапіў нават падаўжальнік на 50 метраў, шкода склала каля 300 рублёў.
Зламысніка вылічылі хутка. З практыкі супрацоўнікі міліцыі ведаюць, што часцей за ўсё крадзяжы на лецішчах здзяйсняюць людзі непрацуючыя, схільныя да здзяйснення правапарушэнняў, залішняга спажывання алкаголю. Праваахоўнікі прааналізавалі аператыўныя зводкі і высветлілі, што падобнае злачынства было здзейснена ў суседнім раёне, паведамляе сайт УУС Віцебскай вобласці. У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў аператыўнікі ўстанавілі, што да крадзяжоў датычны 43-гадовы жыхар Талачынскага раёна, які не так даўно вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі. У яго дома была канфіскавана частка рэчаў, скрадзеных у пенсіянеркі.